Цыганка: не бралі на працу, пакуль не назвалася асэтынкай
19 лістапада ў Гомелі з ініцыятывы мясцовага аргкамітэту ў стварэньні
партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» ладзіўся «круглы стол»
у пытаньнях нацыянальных меншасьцяў. Гаворка, у прыватнасьці, вялася пра
цыганоў, якіх у абласным цэнтры пражывае, як найменей, паўтары тысячы.
Маладыя цыганы проста зачаравалі удзельнікаў «круглага стала» сваім
танцам. Прэзэнтаваўся й відэафільм Ларысы Шчыраковай пра жыцьцё
цыганскай дыяспары ў вёсцы Прыбар Гомельскага раёну.
Каардынатар БХД Юры Клімовіч расказаў пра гісторыю
цыганскага народу. Яго першыя прадстаўнікі зьявіліся ў Беларусі больш
як тысячу гадоў таму. На жаль, стаўленьне да цыганоў было й засталося
пераважна нэгатыўным. У Статуце ВКЛ быў нават асобны 35-ты артыкул пра
цыганоў, які вызначаў іх сутнасьць як «людзей непатрэбных
і гультаяватых».
Грамадзкая актывістка Марыя Багдановіч, будучы кумой
ў цыганскай сям’і, зрабіла агляд мясцовай прэсы, у публікацыях якой
наглядна праяўляюцца матывы цыганафобіі. З гэтай нагоды ёй асабіста
прыйшлося зьвяртацца ва ўправу ідэалёгіі Гомельскага аблвыканкаму
й Міністэрства інфармацыі.
Многія з цыганоў ня маюць нават пачатковай адукацыі, іх не бяруць
на працу. Ня маючы дакумэнтаў, цыганы ня могуць атрымаць і своечасовую
мэдычную дапамогу. Вельмі часта яны зьведваюць ціск з боку міліцыі,
напады скінхэдаў. Пра гэта згадвала ў сваім выступе цыганка Натальля.
Сама яна не магла ўладкавацца на працу на завод ліцьця й нармаляў
да таго часу, пакуль не назвалася асэтынкай.
Пастар царквы «Жывое слова веры» Дзьмітры Падлобка
апавёў пра цыганоў-вернікаў і пра дапамогу царквы ў навучаньні цыганскіх
падлеткаў , якія ў 12-14 гадоў ня ўмелі ні чытаць, ні пісаць.
«Калі мы хадзілі да чыноўнікаў адміністрацыі Савецкага раёну,
то ў іх знаходзіўся дзясятак прычынаў, паводле які цыганам нельга
дапамагчы», — заявіў пастар.