Грамадскага актывіста з Астравеччыны Мікалая Уласевіча зноў судзяць
29 кастрычніка ў Астравецкім раённым судзе працягнецца разгляд
адміністрацыйнай справы грамадскага актывіста Мікалая Уласевіча. Працэс, які
вядзе суддзя Аляксандар Радкевіч, пачаўся яшчэ 26 кастрычніка, прычым Уласевіч
быў выкліканы ў суд позвай, якую прывёз кіроўца раённага суду напярэдадні,
толькі за суткі да пачатку працэсу. Грамадскага актывіста імкнуцца засудзіць па
факце яго затрымання яшчэ 21 верасня бягучага году паводле артыкулу 23.4
Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях – непадпарадкаванне законнаму
патрабаванню службовай асобы.
Мікалай Уласевіч заявіў цэлы шэраг хадайніцтваў, у тым ліку копію запісу
ў кнізе правапарушэнняў Астравецкага РАУС, дзе фіксуюцца ўсе складзеныя ў
адпаведным парадку пратаколы. Рэч у тым, што за апошні перыяд у гэтай кнізе быў
зафіксаваны толькі адзін пратакол пра нібыта правапарушэнне, складзены міліцыяй
ў дачыненні да яго. Ужо пазней з’явілася яшчэ некалькі пратаколаў пра
адміністрацыйныя правапарушэнні, якія на думку Уласевіча папросту
сфабрыкаваныя. Мікалай Уласевіч скарыстаўся таксама сваім правам на адваката і
заявіў адпаведнае хадайніцтва. Суддзя задаволіў гэтае хадайніцтва, у звязку з
чым і быў перанесены разгляд справы.
Дадзены працэс Мікалай Уласевіч разглядае як чарговы крок у сістэмным
пераследзе яго за грамадска-палітычную дзейнасць. Актывіст з мястэчка Варняны,
які ёсць лідарам грамадскай ініцыятывы “Астравецкая атамная – гэта злачынства”,
неаднаразова затрымліваўся міліцыянтамі і людзьмі ў цывільным, быў адказнікам у
шэрагу адміністрацыйных працэсаў, а ў яго доме за гэты год было праведзена
некалькі ператрусаў.