Аршанскі следчы камітэт не пакідае ў спакоі грамадскага актывіста
Актывіст кампаніі «Наш дом», былы кандыдат у дэпутаты Палаты
прадстаўнікоў Мікалай Петрушэнка выкліканы на 17 кастрычніка да 12 гадзінаў у
следчы камітэт Оршы да старэйшага следчага С. Шчарбенкі. Менавіта ў вядзенні
гэтага следчага знаходзіцца крымінальная справа па арт. 369 КК РБ, якая
распачата ў дачыненні да Петрушэнкі за публікацыю 8 жніўня на сайце
nash-dom.info матэрыялу «Педафіл атрымліваў прэміі за лепшыя дзіцячыя
пляцоўкі».
Згодна з пастановай за подпісам Шчарбянка, аўтар артыкула “указвае», што
намеснік старшыні Аршанскага гарвыканкама падазраецца ў пакрывальніцтве
дзейнасці педафіла. Тым самым Петрушэнка «публічна ўзвёў паклёп» на гарадскога
чыноўніка «як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў».
Па справе была прызначаная лінгвістычная экспертыза. Сам Мікалай Петрушэнка
прапанаваў даручыць правядзенне яе Беларускаму саюзу журналістаў альбо
Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аднак следства вырашыла інакш, накіраваўшы матэрыялы
для экспертызы ў Віцебскі дзяржаўны універсітэт ім. Машэрава. Вынікі экспертызы
пакуль не вядомыя. Верагодна, заўтра следчы іх павінен будзе абвесіць.