viasna on patreon

Кандыдаты ў дэпутаты Васіль Леўчанкаў і Галіна Мацюшэнка зьвярнуліся са скаргамі ў гарадзкую міліцыю супраць разгорнутай у дачыненьні да іх дыскрэдытацыі

2007 2007-01-13T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Два дні таму ў невялікім рабочым гарадку пад Воршай упершыню зьявіліся ўлёткі зь непраўдзівай і зьневажальнай інфармацыяй пра чатырох незалежных вылучэнцаў на мясцовыя выбары. Яны былі расклееныя ў грамадзкіх месцах. А сёньня такія самыя ўлёткі былі масава раскіданыя па паштовых скрынях гараджанаў, паведаміла Радыё Свабода.

Ва ўлётках у абразьлівай форме згадныя Галіна Мацюшэнка, кандыдатка ў дэпутаты Аршанскага гарсавету, старшыня незалежнага прафсаюзу металістаў Васіль Леўчанкаў, які балятуецца ў Бараньскі гарсавет, ягоная жонка Ганна Леўчанкава – кандыдатка ў дэпутаты Аршанскага і Бараньскага гарсаветаў, дырэктар сярэдняй школы і старшыня мясцовай суполкі ТБМ Юры Нагорны, а таксама сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай прартыі "Грамада" Віктар Міхасёў, які балятуецца ў Бараньскі гарсавет.

Спадар Міхасёў мяркуе, што ў горадзе разгорнутая адмысловая кампанія па дыскрэдытацыі кандыдатаў, якія сапраўды карыстаюцца аўтырытэтам у людзей і маюць шанцы быць абранымі: "У гэтых улётках згадваюцца незалежныя кандыдаты і прыдстаўнікі палітычных партыяў – сацыял-дэмакратычнай партыі, АГП, Партыі БНФ. Там напісана, што яны нібыта фінансуюцца з Захаду, што нідзе не працуюць, іх называюць "шушарай"... Улады баяцца, што людзі сапраўды іх падтрымліваюць, і ў гэтым праблема! Іхная кампанія па расклейваньні ўлётак правалілася, бо мы самі пачалі іх зрываць, і цяпер яны раскідваюць улёткі па паштовых скрынях. А гэта ёсьць сьведчаньнем, што ўключаны даволі магутны рэсурс: гэта ня можа друкаваць дома, расклейваць і распаўсюджваць які адзін чалавек – гэта ўжо сур’ёзная, грунтоўная кампанія. І, на нашу агульную думку, больш бруднай выбарчай кампаніі ў нас яшчэ не было!"

Згаданыя ва ўлётках кандыдаты Васіль Леўчанкаў і Галіна Мацюшэнка зьвярнуліся 13 студзеня з адпаведнымі скаргамі ў гарадзкую міліцыю. Спадарыня Мацюшэнка зазначыла, што жыхарам дома, у якім яна жыве, такія ўлёткі раздавалі проста ў рукі, – адпаведна, паводле зьнешніх прыкметаў міліцыянты маглі б высьветліць, хто займаецца паклёпніцтвам. Аднак дэпутаты ня ўпэўненыя, што міліцыя будзе бараніць іхную годнасьць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства