ПАРЕ надае належную ўвагу справе Алеся Бяляцкага
Сітуацыя беларускага праваабаронцы-палітвязня абмяркоўвалася на ўсіх сустрэчах і мерапрыемствах, у якіх браў удзел намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч падчас трохдзённага візіту ў Страсбург, дзе праходзіць восеньская сесія Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ).
Візіт прадстаўніка ПЦ “Вясна” ў Раду Еўропы праходзіў
з 2 па 4 кастрычніка. У гэтыя дні праваабаронца прымаў удзел у шэрагу важных
сустрэчаў – з нацыянальнымі прадстаўніцтвамі ў Радзе Еўропы, камісарам РЕ па
правах чалавека Нілсам Муйжніексам.
Сёння, 4 кастрычніка, Валянцін
Стэфановіч і Алег Гулак,
старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэту, прынялі ўдзел у паседжанні
палітычнага камітэту ПАРЕ. Падчас свайго выступу беларускія праваабаронцы
зрабілі два асноўныя акцэнты - на парламенцкіх выбарах, якія прайшлі ў Беларусі
23 верасня, і на праблеме палітвязняў. Як
падкрэсліў Стэфановіч, пры асвятленні другога пытання больш падрабязна ён
спыніўся на сітуацыі з лідэрам “Маладога фронту” Зміцерам Дашкевічам і кіраўніком “Вясны” Алесем Бяляцкім.
Падчас мерапрыемства быў распаўсюджаны драфт з прапановай намінаваць Алеся Бяляцкага на прэмію правоў чалавека ПАРЕ 2013 году – паліткамітэт падтрымаў яе адзінагалосна. Тым самым парламентарыі падкрэслілі сваю занепакоенасць станам правоў чалавека ў Беларусі, які пагоршыўся з моманту прыняцця Рэзалюцыі ПАРЕ па Беларусі ў студзені бягучага году.
Стэфановіч адзначыў таксама, што шмат хто з прадстаўнікоў паліткамітэту ПАРЕ падчас паседжання ўзгадвалі мінулагодні візіт Алеся Бяляцкага на аналагічную сесію ПАРЕ, неўзабаве пасля якога ён быў арыштаваны. Яны адзначылі, што заўсёды памятаюць пра беларускага праваабаронцу і надаюць увагу яго крымінальнай справе.
Трэба адзначыць, што на паседжанні палітбюро ПАРЕ быў прадстаўлены і афіцыйны бок Беларусі – там прысутнічала намесніца старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Вольга Сяргеева, якая таксама з’яўляецца сябрам Грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. А яшчэ адзін афіцыйны прадстаўнік быў выдалены з паседжання. Як патлумачыў Валянцін Стэфановіч, браць удзел у мерапрыемстве могуць толькі прадстаўнікі краінаў-сябраў Рады Еўропы, у іншых выпадках – толькі з дазволу паліткамітэту, а такога дазволу яму не давалася.