Стэфан Эрыксан: У Беларусі няма апазіцыі, ёсць дысідэнты
Пасол Эрыксан загаварыў упершыню пасля высылкі: У Беларусі няма апазіцыі, ёсць дысідэнты
Былы пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан лічыць, што адной з прычын непрацягу яму акрэдытацыі ў Беларусі стала яго актыўная пазіцыя.
Пра гэта дыпламат заявіў 2 кастрычніка, выступаючы на стакгольмскім форуме «Народ і абарона».
«За сем гадоў працы ў Беларусі мне ўдалося дабіцца пэўнай пазіцыі і выклікаць пэўнае раздражненне сваімі кантактамі з людзьмі, якіх улады вельмі хацелі б маргіналізаваць.
Гэтыя кантакты я лічыў прыярытэтнымі», — цытуе Эрыксана Шведскае радыё.
Акрамя таго, падкрэсліў ён, афіцыйны Мінск раздражняла і тое, што Швецыя праводзіла дакладную палітычную лінію адносна дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі як на ўзроўні двухбаковых адносінаў, так і на ўзроўні Еўрасаюза.
Швецыя таксама з`яўляецца адной з тых краін, якая найбольш актыўна аказвае падтрымку Беларусі не толькі ў галіне экалогіі, развіцця мясцовага самакіравання, але і ў сферы абароны правоў чалавека і свабоднага слова.
Пры гэтым Эрыксан не лічыць, што інцыдэнт са шведскім самалётам і плюшавымі мядзведзямі адыграў галоўную ролю ва ўзнікненні дыпламатычнага крызісу паміж Беларуссю і Швецыяй.
«Імідж Швецыі лепш ад гэтага не стаў, канешне, але сам нарыў незадавальнення беларускіх уладаў выспяваў доўга і, нарэшце, прарваўся, — сказаў Эрыксан. — Станоўчы момант здарэння заключаецца ў тым, што да Беларусі прыцягнулі ўвагу».
Гаворачы пра сітуацыю ў Беларусі, Эрыксан падкрэсліў, што вялікай праблемай па-ранейшаму застаецца наяўнасць палітзняволеных у краіне, а таксама татальны кантроль над беларусамі з боку ўладаў.
Што да стану культуры ў Беларусі, Эрыксан спыніўся на становішчы беларускай мовы ў краіне. Ён сказаў, што некаторыя лічылі, што ён занадта шмат увагі надаваў вывучэнню беларускай мовы. Дыпламат таксама адзначыў, што пісьменнікі і паэты, якія пішуць на беларускай мове, адчуваюць вялікія цяжкасці з публікацыяй сваіх твораў.
Гаворачы пра беларускую апазіцыю, Эрыксан падкрэсліў, што ў Беларусі не існуе апазіцыі ў сапраўдным сэнсе гэтага слова. «Апазіцыя не можа існаваць і займацца палітычнай дзейнасцю ва ўмовах такога аўтарытарнага рэжыму, як у Беларусі. Такія палітыкі павінны называцца дысідэнтамі, якімі яны і з`яўляюцца на самай справе», — сказаў дыпламат.
Эрыксан таксама адзначыў, што некарэктна было б гаварыць аб тым, што шведскае пасольства ў Мінску «закрыта цалкам і поўнасцю».
«Мы вядзем з нашымі беларускімі партнёрамі перамовы аб нашых дыпламатычных адносінах, але як гэта будзе развівацца, гаварыць пакуль яшчэ рана», — сказаў ён.
Адказваючы на пытанне ўдзельнікаў семінара пра свой цяперашні статус, Эрыксан сказаў, што ён некалькі ў іншай якасці працягвае працаваць у Стакгольме з беларускімі пытаннямі, у тым ліку з пытаннямі дэмакратызацыі.
Пракаментаваў ён і эканамічныя адносіны паміж Швецыяй і Беларуссю.
«Адно з абвінавачанняў, прад`яўленых мне ў жніўні гэтага года, заключалася ў тым, што я перашкаджаў развіццю гандлёвых сувязяў Швецыі і Беларусі, я перашкаджаў выхаду ІКЕА на беларускі рынак і гэтак далей. Усё гэта не трэба, напэўна, прымаць усур`ёз. Аб`ёмы экспарту склалі ў 2011 годзе 1,2 мільярда крон, імпарту — больш чым 1,1 мільярда. Растуць гэтыя аб`ёмы павольна, але пастаянна», — сказаў Эрыксан.
Адказваючы на пытанне аб тым, што ён лічыць самым вялікім сваім дасягненнем за сем гадоў працы ў Беларусі, Эрыксан сказаў:
«Нават калі адбыўся, як нам гэта назваць, дыпламатычны крызіс, калі разглядаць гэта ў кароткатэрміновай перспектыве, то ў доўгатэрміновай перспектыве я працаваў на справу развіцця добрых адносінаў паміж нашымі краінамі.
Рэакцыя рэжыму — гэта адно, але мне здаецца, удалося данесці да большай часткі насельніцтва, за што выступае Швецыя, чаго Швецыя хоча, жаданне супрацоўніцтва, якое з часам усё роўна апынецца на пярэднім плане».
Беларуска-шведскі канфлікт разгарэўся пасля таго, як 1 жніўня ўлады Беларусі паведамілі Швецыі аб непрацягу акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану.
Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм.
8 жніўня МЗС Беларусі аб`явіла пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме і рэкамендаваў шведскаму боку да 30 жніўня адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска.