viasna on patreon

МЗС: Закрыццё офіса АБСЕ было правільным крокам

2012 2012-10-04T16:50:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Офіс АБСЕ ў Мінску спыніў сваю працу паўтара года таму ў сувязі з выкананнем свайго мандата, і мінулы час "пераканаўча паказаў правільнасць гэтай пазіцыі".

Пра гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных на брыфінгу 4 кастрычніка, адказваючы на пытанні журналістаў.

Паводле яго слоў, рашэнне аб закрыцці офіса з практычнага пункту гледжання беларускі бок разглядаў «як сродак аптымізацыі расходаў рэгулярнага бюджэту АБСЕ». «Больш сродкаў стала выдзяляцца на праграмную дзейнасць арганізацыі», — падкрэсліў ён.

Як заявіў прэс-сакратар, яшчэ паўтара года таму беларускі бок выказваў упэўненасць, што закрыццё офіса не прывядзе да скарачэння яго кантактаў з АБСЕ, а бягучыя праекты можна будзе «лёгка каардынаваць на прамых сувязях са штаб-кватэрай арганізацыі ў Вене, выкарыстоўваючы дыпламатычныя каналы».

«Мінулы час пераканаўча даказаў правільнасць гэтай пазіцыі», — сказаў Савіных.

Што да абмеркавання пытання магчымага аднаўлення працы офіса АБСЕ ў Мінску, якое нібыта мела месца падчас сустрэч з прадстаўнікамі афіцыйнага Мінска назіральнікаў АБСЕ на парламенцкіх выбарах, то прэс-сакратар МЗС падкрэсліў: «Пытанні інстытуцыянальнага будаўніцтва АБСЕ не ўваходзяць у сферу кампетэнцыі назіральнікаў за выбарамі, таму ніякія афіцыйныя гутаркі на гэтыя тэмы не вяліся».

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства