У Баранавічах забаронены пікет за бясплатны праезд для школьнікаў
Баранавіцкі прадпрымальнік і грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус 3 кастрычніка атрымаў ліст за подпісам намесніка старшыні Баранавіцкага гарвыканкама Дз. Касцюкевіча. У ім паведамляецца, што гарвыканкам на падставе Закона Рэспублікі Беларусь ад 30.12.1997 № 114-З “Аб масавых мерапрыемствах” (у рэдакцыі Закона РБ ад 08.11.2011 № 308-З) не дае згоды на правядзенне пікета 7 кастрычніка 2012 года.
Гарвыканкам лічыць, што заяўнік парушыў арт. 5 Закона Р Б ад 30.12.1997 № 114-З “Аб масавых мерапрыемствах” (у рэдакцыі Закона РБ ад 08.11.2011 № 308-З) і пункт 4 рашэння Баранавіцкага гарвыканкама ад 16.06.2009г. № 1497 “Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Баранавічы” (у рэдакцыі рашэння Баранавіцкага гарвыканкама ад 05.10.2009г. № 2497). У адказе традыцыйна не паведамляецца, што канкрэтна парушыў заяўнік, але прапануецца, у выпадку нязгоды з такім рашэннем, звяртацца ў суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы.
– 7 кастрычніка я запланаваў пікет і хацеў праінфармаваць грамадскасць аб стварэнні ў Баранавічах ініцыятыўнай групы па збору подпісаў за бясплатны праезд школьнікаў у грамадскім транспарце на факультатывы і гурткі пасля заняткаў, - паведаміў Мікалай Чарнавус. – Думаю, што мы прыдумаем, як прыцягнуць грамадскасць горада да стварэння такой ініцыятыўнай групы і сабраць дастатковую колькасць подпісаў па гэтай праблеме.