viasna on patreon

Урад Беларусі адмаўляецца супрацоўнічаць з Камітэтам па правах чалавека ААН па справе Алеся Бяляцкага ў той час, як умовы яго зняволення становяцца больш жорсткімі

2012 2012-09-24T17:15:58+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fidh6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH)

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH)

Урад Беларусі адказаў на скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, якая была пададзеная па даручэнні Алеся Бяляцкага яго жонкай Наталляй Пінчук, а таксама падпісана Антуанам Бернарам, Генеральным дырэктарам Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH), віцэ-прэзідэнтам якой з'яўляецца Алесь Бяляцкі.

Упраўленне Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН накіравала заяўнікам ноту Пастаяннай місіі Рэспублікі Беларусь пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе. У дакуменце сказана, што Беларусь, са свайго боку, спыняе працэдуру па дадзеным паведамленні і не будзе лічыць сябе звязанай абавязацельствамі па рашэнні, якое будзе прынята Камітэтам па гэтай справе. У ноце заяўлена, што для разгляду скаргі А. Бяляцкага адсутнічаюць прававыя падставы. Таксама ўрад спасылаецца на сваю пазіцыю, выказаную ў 2010 і 2011 гадах па скаргах, пададзеных у дачыненні да Беларусі: дзяржава не прызнае Правілы працэдуры Камітэта, таму ўсе паведамленні, зарэгістраваныя ў адпаведнасці з гэтымі Правіламі працэдуры, будуць адхіленыя ўрадам без каментароў, а рашэнні Камітэта па такіх паведамленнях будуць разглядацца дзяржавай як несапраўдныя.

Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна", каментуе: «Такая адмова з'яўляецца парушэннем міжнароднай дамовы, падпісанай і ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь, - Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Факультатыўнага пратакола да яго. Камітэт неаднаразова тлумачыў у сваіх рашэннях, што, калі дзяржава падпісала Факультатыўны пратакол да Пакту і прызнае кампетэнцыю Камітэта разглядаць індывідуальныя скаргі, то яна прымае на сябе абавязацельства добрасумленна супрацоўнічаць з Камітэтам. Калі дзяржава якімі-небудзь дзеяннямі перашкаджае або зрывае разгляд Камітэтам паведамлення, гэта несумяшчальна з яе абавязацельствамі. Таму ўрад не мае права спыніць працэдуру па скарзе, зарэгістраванай Камітэтам. Дзяржава не можа спасылацца не тое, што яна не прызнае Правілы працэдуры Камітэта, паколькі паўнамоцтвы гэтага органа ўсталёўваць уласныя правілы працэдуры прадугледжаны самім Пактам.
У тым выпадку, калі дзяржава паказвае на адсутнасць прававых падстаў скаргі па справе А. Бяляцкага, то яна павінна прыводзіць свае пярэчанні ў рамках гэтай працэдуры, але не спыняць камунікацыю. Адмова ж дзяржавы ад перапіскі па справе А. Бяляцкага відавочна дэманструе няздольнасць урада абвергнуць скаргу па сутнасці. Тым не менш, скарга ад імя А. Бяляцкага будзе разгледжана Камітэтам па правах чалавека. Пры гэтым, у адпаведнасці са сваёй практыкай, Камітэт надасць належную ўвагу неаспрэчаным урадам довадам скаргі».

Антуан Бернар, Генеральны дырэктар Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH), прафесар міжнароднага права ў французскай вышэйшай Школе Палітычных навук, адзначыў: “Адмова ад удзелу ў працэдуры па скаргах у Камітэт па правах чалавека азначае парушэнне Рэспублікай Беларусь прынцыпу добрасумленнага выканання міжнародных дамоваў, усталяванага артыкулам 26 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дамоваў, удзельніцай якой з'яўляецца Беларусь, а таксама ігнараванне яе абавязацельстваў па Факультатыўным пратаколе да Пакту. Гэта дзяржава неаднаразова дэманстравала грубыя парушэнні Пакта і Факультатыўнага пратаколу, ігнаруючы, напрыклад, патрабаванні Камітэта па правах чалавека прыпыніць прымяненне вышэйшай меры пакарання да разгляду Камітэтам скаргаў, пададзеных ад імя асуджаных, а таксама і па іншых справах, разгледжаных Камітэтам. Пазіцыя, занятая па справе А. Бяляцкага, на жаль, працягвае гэтую тэндэнцыю. Падобнае невыкананне міжнародных дамоваў недапушчальна і фактычна азначае адмову ад супрацоўніцтва з ААН, што канчаткова падрывае аўтарытэт дзяржавы, якая парушае як правы сваіх грамадзян на ўнутраным узроўні, так і свае абавязальніцтвы на ўзроўні міжнародным”.

У той жа час, падобнае стаўленне дзяржавы да разгляду справы А. Бяляцкага ў міжнародным органе з'яўляецца працягам палітыкі пераследу дзяржавай усяго праваабарончага руху Беларусі, і ў найбольш жорсткай форме - гэтага вядомага праваабаронцы, уганараванага шматлікімі міжнароднымі прэміямі, за яго прынцыповую і нястомную барацьбу за правы чалавека у сваёй краіне. Прысуджаны да зняволення ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму на працягу чатырох з паловай гадоў, А. Бяляцкі і там падвяргаецца ціску і абмежаванням.
З сакавіка па чэрвень 2012 г. адміністрацыяй калоніі да Алеся Бяляцкага ўжытыя тры дысцыплінарныя спагнанні, якія ўключаюць пазбаўленне чарговага доўгага спаткання (з двух, прадугледжаных на працягу года). На падставе гэтых трох спагнанняў Алесь у канцы чэрвеня 2012 г. прызнаны злосным парушальнікам устаноўленага парадку адбывання пакарання. Гэта перакрэсліла магчымасць прымянення да яго Закона «Аб амністыі», прынятага ў 2012 г., а таксама пацягнула змяншэнне штомесячнага памеру грашовых сродкаў на асабовым рахунку, якія можна расходаваць на набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, з 5 да 1 базавай велічыні (з 500 000 да 100 000 беларускіх рублёў).

Яшчэ два спагнанні ўжытыя да А. Бяляцкага ў жніўні 2012г.: пазбаўленне чарговай прадуктовай перадачы (з двух прадугледжаных на працягу года) і пазбаўленне чарговага, ужо кароткатэрміновага, спаткання (таксама з двух прадугледжаных на працягу года).

Тым самым, да канца года Алесь Бяляцкі не атрымае ні спаткання з жонкай, ні перадачы. А колькасць грашовых сродкаў на асабовым рахунку для расходавання можа быць адноўлена толькі пры скасаванні статусу злоснага парушальніка рэжыму ўтрымання.

У цяперашні час Алесь Бяляцкі працуе ў швейным цэху 6 дзён у тыдзень, пазменна. Яго заробак за месяц - каля 100 000 беларускіх рублёў. Пасля вылікаў з заробку ён атрымлівае ад 17 да 45 тысяч беларускіх рублёў.

Трывожнымі з'яўляюцца і звесткі, атрыманыя ад зняволеных, якія адбывалі пакаранне ў той жа калоніі, што і Бяляцкі, і якія выйшлі на свабоду, згодна з якімі адміністрацыя калоніі ўвяла фактычную забарону на зносіны з ім. Зняволеныя, з якімі мае зносіны Бяляцкі, выклікаюцца ў штаб калоніі для прафілактычных гутарак, у якіх адміністрацыя папярэджвае асуджаных пра «наступствы» парушэння забароны.

Такім чынам, штучна ствараецца дадатковая ізаляцыя і аказваецца псіхалагічны ціск на Алеся Бяляцкага, пазбаўленага зносін з жонкай і абмежаванага у - і так нязначных ва ўмовах калоніі - прадуктах харчавання і грашовых сродках.

«Напярэдадні юбілею, які наш калега будзе адзначаць за калючым дротам (25 верасня Алесю споўніцца 50 гадоў), мы яшчэ раз падкрэсліваем адназначна палітычны характар ​​пераследу, якому ён падвяргаецца. І адмова Беларусі супрацоўнічаць з дамоўным органам ААН па яго справе, і сістэматычны ціск і ізаляцыя, якім падвяргаюць Бяляцкага ў зняволенні, яшчэ раз пацвярджаюць гэта», - заявіла Суэр Белхасен, Прэзідэнт FIDH.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства