Кандыдат патрабуе сцерці свастыку каля выбарчага ўчастку
Вылучэнец партыі левых "Справядлівы свет" Вадзім Кузьмін жыве ў віцебскім мікрараёне Білева. Вечарам 20 верасня ён заўважыў, што на будынку Беларусбанку паблізу выбарчага ўчастка №48 намалявана вялікая свастыка. Звярнуўся ў міліцыю і ва ўчастковую камісію, але ніякіх захадаў, каб малюнак зафарбавалі ці сцерлі, не заўважыў дагэтуль.
"У дзяржаўных СМІ не стамляюцца распавядаць, што выбары – гэта ўсенароднае свята. Дык вось атрымліваецца, што выбаршчыкаў сустракае не плакат, не транспарант і не сцягі ці шарыкі, а трохметровая свастыка на суседнім з выбарчым участкам будынку. Я гатовы асабіста зафарбаваць малюнак, але ж абвінавацяць у самаўпраўстве! Толькі адказным структурам, здаецца, усё адно: яны бегма бягуць замалёваць хіба толькі апазіцыйныя лозунгі накшталт "Жыве Беларусь", -- гаворыць В.Кузьмін, кандыдат у дэпутаты па Віцебскай Чыгуначнай выбарчай акрузе.
Ён сфатаграфаваў і яшчэ адну свастыку ў сваім мікрараёне. Праўда, яна не так кідаецца ў вочы мінакам, бо намалявана на будаўнічым вагончыку. Але актывіста абурае, што на такія рэчы падчас выбарчай кампаніі не звяртаюць увагі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”