Кандыдату Алесю Стральцову вынеслі папярэджанне
Кандыдату ў дэпутаты ад Партыі БНФ па Гарадзенскай сельскай выбарчай акрузе №52 Алесю Стральцову акруговая выбарчая камісія вынесла папярэджанне. Падставай для гэтага стала тое, што Стральцоў нібыта выпусціў агітацыйны плакат без выходных дадзеных. Давераная асоба Стральцова, яго паплечнік па партыі Вадзім Саранчукоў прадставіў у камісію дакументы, якія сведчылі пра законны выпуск друкаванай прадукцыі. Аднак акруговая камісія ўсё роўна абвесціла папярэджанне.
Розгалас выклікалі праграмныя тэзы Алеся Стральцова, якія выкладзены на трох мовах: па-беларуску, па-польску і па-літоўску. Кандыдат правёў некалькі сустрэч з выбарцамі ў Гарадзенскім раёне ў асяродках польскай нацыянальнай меншасці.
Дзяржаўныя газеты адмовіліся друкаваць праграму на трох мовах, спаслаўшыся на дзеючы Закон аб мовах. Урэшце праграма Стральцова была надрукавана па-беларуску ў дзяржаўнай раённай газеце “Перспектива”.
А тым часам праграма іншага кандыдата па Гарадзенскай сельскай акрузе, генерала-маёра Аляксандра Мяжуева надрукавана ў абласной газеце “Гродзенская праўда” за 13 верасня, газеты раздаюцца задарма ў многіх паштовых аддзяленнях Гародні.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”