viasna on patreon

Магілёў: абласному каардынатару кампаніі “За справядлівыя выбары 2012” прысудзілі штраф у чатыры мільёны

2012 2012-09-11T18:36:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jury-novikau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юрый Новікаў

Юрый Новікаў

11 верасня суддзя Ленінскага раёна Магілёва Аксана Ратнікава выснесла прысуд адказнаму за незалежнае назіранне на Магілёўшчыне ў межах кампаніі “За справядлівыя выбары 2012” Юрыю Новікаву.

Суддзя палічыла Юрыя Новікава вінаватым у тым, што займаўся распаўсюдам сродкаў масавай інфармацыі ў выглядзе імянных сшыткаў назіральнікаў, брашураў для назіральнікаў і інфармацыйнага бюлетэня для назіральнікаў. Паводле яе рашэння ўся гэтая прадукцыя трапляе пад закон аб СМІ і падлягае знішчэнню.

Юрый Новікаў адзначае, што “распаўсюд” друкаванай прадукцыі – гэта перавоз яе ў багажніку ўласнага аўтамабіля. З рашэннем суддзі Аксаны Ратнікавай абласны каардынатар кампаніі “За справядлівыя выбары 2012” не згодзен і збіраецца абскарджваць яго ў абласным судзе.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што судзя наўмысна прыняла некампетэнтнае рашэнне.

“Калі б Аксана Ратнікава падчас сваёй вучобы на юрфаку ў курсавой ці дыпломнай працы напісала б падобнае, то яна б атрымала нездавальняючую адзнаку і наўрад ці б атрымала свой дыплом. Відавочна, што ў дадзеным выпадку рашэнне палітычна матываванае. Яго мэта – любым коштам сарваць незалежнае назіранне ў вобласці”, - кажа Барыс Бухель.

Праваабаронца падкрэслівае, што сшыткі назіральнікаў з’яўляюцца імяннымі - на іх ёсць месца для напісання прозвішчаў назіральнікаў, а ў інструкцыях па назіранні пазначана, што гэтыя сшыткі вяртаюцца каардынатарам для аналізу вынікаў назірання і выдаюцца яны толькі назіральнікам. І тое, што такія сшыткі таксама палічылі сродкамі масавай інфармацыі, Барыс Бухель называе поўным абсурдам. Тое ж датычыцца і інструкцый для назіральнікаў.

Нагадаем, што 23 жніўня ў 20-00 у раёне чыгуначнага вакзалу супрацоўнікамі ДАІ быў спынены аўтамабіль Юрыя Новікава. Даішнік адзначыў, што ёсць праблемы з машынай і для разбіральніцтва неабходна праехаць у Ленінскі РАУС. У РАУСе аўтамабіль правяралі ўжо міліцыянты. У багажніку была знойдзена друкаваная прадукцыя, якую канфіскавалі, а на Юрыя Новікава завялі адміністратыўную справу.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства