Рэчыцкая газета: назіральнікі АБСЕ цікавіліся кветкамі і клумбамі
Рэчыцкая дзяржаўная газета “Дняпровец” змясціла артыкул пра наведванне Рэчыцы назіральнікамі АБСЕ. Калі верыць газеце, назіральнікі цікавіліся выключна клумбамі, фантанамі і чысцінёй у горадзе. Пра выбары, на якіх працуюць назіральнікі, у артыкуле – ні слова.
Джозэф Врчота (Чэхія) і Брыгіттэ Хойер (Германія) з’яўляюцца міжнароднымі доўгатэрміновымі назіральнікамі за выбарамі 2012 г. у Палату прадстаўнікоў. Яны накіраваны ў нашу краіну ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ).
Сярод гарадоў, у якіх пабывалі ўжо Д. Врчота і Б. Хойер, яны наведалі Рэчыцу. “Дняпровец” змясціў пра гэта артыкул Святланы Матлаш 4 верасня (на здымку). У артыкуле распавядаецца, што ў Рэчыцы назіральнікі былі ўраджаны такімі дзівосамі, як кветкі, клумбы і фантан.
“На што звярнулі ўвагу госці ў Рэчыцы? На мноства кветак, клумб, чысціню і парадак у горадзе. Па прызнанню Б. Хойер, у Германіі не так і шмат клумб”, – піша “Дняпровец”. Фантанаў ў Германіі, відавочна, таксама не так і шмат. Вось у раёне, дзе жыве Б. Хойер, адзначае газета, фантан ёсць, але выдаткі на яго аплочвае прыватная асоба.
Ці наведалі назіральнікі акруговую выбарчую камісію, з кім яны афіцыйна сустракаліся і што абмяркоўвалі? Пра гэта ў артыкуле – ні слова. Пра выбары нагадвае толькі рубрыка “Выбары-2012”. Нават зкарачэнне “БДПІЧ”, пры расшыфроўцы якога давялось бы ўжыць словы “правы чалавека”, газета пакінула ў выглядзе абрэвіятуры – незразумелай для большасці чытачоў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”