Баранавічы: ад кандыдата патрабуюць выкрэсліць з праграмы крытыку гарвыканкама
Кандыдат у дэпутаты па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 Мікалай Чарнавус прадставіў сваю праграму для друку ў газету “Наш край”, аднак галоўны рэдактар афіцыйнага выдання Міхась Шубіч настойліва папрасіў яго выкрэсліць тыя месцы, дзе крытыкуецца гарвыканкам. З такім жа патрабаваннем Мікалай Чарнавус сутыкнуўся і ў друкарні “Чырвоная зорка”. У тэхнічным аддзеле яму заявілі, што толькі пасля праверкі ўлёткі ў гарвыканкаме друкарня будзе яе публікаваць.
– Мая перадвыбарчая праграма была агучана 28 жніўня па Брэсцкім тэлебачанні без скарачэнняў. А ў родных Баранавічах ад мяне патрабуюць, каб я выкрэсліў крытыку ў адрас гарвыканкама. Я не згодны з такой пазіцыяй, таму і напісаў адпаведныя заявы ў ЦВК, старшыні АВК і начальніку мясцовай друкарні “Чырвоная зорка” Васілько А.А.
з патрабаваннем, каб друкарня апублікавала поўны тэкст маёй праграмы, – патлумачыў Мікалай Чарнавус.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”