Назіральнік: “ЦВК “штампуе” адказы на скаргі, не звяртаючы на іх увагі”
Эдуард Баланчук прыйшоў да такой высновы, атрымаўшы чарговы адказ з ЦВК на сваю скаргу, дзе нават прозвішча кандыдаткі, наконт якой ён пісаў, было зусім іншым.
Прадстаўнік БХК Эдуард Баланчук, зарэгістраваны назіральнікам у акруговай камісіі Маладэчанскай акругі №72, з пачатку выбарчай кампаніі напісаў ужо некалькі скаргаў на дзеянні камісіі ў ЦВК і пракуратуру. Чытаючы адказы з гэтых інстанцый, можна ўпэўніцца, што органы, адказныя за захаванне законнасці падчас выбарчага працэсу, да ўсіх заўваг адносяцца фармальна, разабрацца нават не стараюцца і ў справу не ўнікаюць. Часта афіцыйныя адказы – быццам напісаныя пад капірку.
Напрыклад, сутнасць адной са скаргаў датычылася таго, што перад тым, як адабраць для праверкі падпісныя лісты адной кандыдаткі, прадстаўнікі камісіі ўсе іх прагледзелі і выкрэслілі несапраўдныя. Ні ў адным з адказаў, якія назіральнік атрымаў з ЦВК, АВК і пракуратуры, нават не ўзгадваўся гэты выпадак, а назіральніку проста цытавалі артыкулы Выбарчага кодэксу аб працэдуры праверкі подпісаў і сцвярджалі, што ўсё рабілася правільна. Пракуратура наогул урэшце напісала, што копія скаргі Баланчука накіравана для разгляду “па сутнасці” ў той орган... на дзеянні якога ён скардзіўся – у акруговую камісію.
Заявы, які датычыліся таго, што выбарчы працэс застаецца закрытым для назіральніка, сканчаліся толькі тым, што ў адказах Баланчуку падрабязна цытавалі артыкул 13 аб правах назіральніка.
У апошнім жа адказе ЦВК (атрыманым, дарэчы, праз тыдзень пасля падачы скаргі) замест прозвішча “Г.Б.Лазоўская”, кандыдаткі, наконт якой пісаў назіральнік, пазначана “Г.Б.Мандроўская”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”