У Гомелі затрымалі ўдзельнікаў ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партый Беларусі, якая праходзіла ў Чарнігаве
17 сьнежня позна ўвечары на беларуска-ўкраінскай мяжы затрыманы на дзьве гадзіны кіраўнік Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Сяргей Старычэнка і ягоны паплечнік з Рэчыцы Алег Шабетнік. Іх зьнялі гомельскія мытнікі з цягніка Чарнігаў-Гомель на беларускай станцыі Церуха. Сацыял-дэмакраты вярталіся цягніком у Гомель з Чарнігаву, дзе бралі ўдзел ва ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партый Беларусі. Высадку мытнікі патлумачылі тым, што актывісты перавозяць забароненую літаратуру.
Як паведаміў карэспандэнту БелаПАН Сяргей Старычэнка, у яго мытнікі перапісалі і сканфіскавалі матэрыялы ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партый.
У Алега Шабетніка з Рэчыцы інспэктары Лашкевіч і Герасімаў нібыта выявілі 5 экзэмпляраў брашуры пра культ асобы Лукашэнкі, выдадзенай сёлета ў Менску. Брашуры мытнікі таксама сканфіскавалі і склалі адпаведны акт. Пры гэтым яны патлумачылі, што будуць праводзіць экспэртызу палітычнага зьместу брашуры. Сам Шабетнік заяўляе, што асабіста ён ня перавозіў згаданае выданьне праз мяжу.
Іншыя гомельскія ўдзельнікі канфэрэнцыі ў Чарнігаве распавялі “Радыё Свабода”, што на станцыі Церуха ў вагонах вяліся відэаздымкі пасажыраў невядомай асобай ў вопратцы памежніка. Апошні тлумачыў зьдзіўленым пасажырам, што здымкі робяцца дзеля вывучэньня напаўняльнасьці вагонаў пасажырамі.