Cтудэнтаў, адлічаных за удзел у акцыях пратэсту, будуць шукаць праз Інтэрпол?
Студэнтаў з Гомельскай вобласьці, якія навучаюцца за мяжой, імкнуцца выклікаць на прызыўныя камісіі. Раней гэтыя студэнты вучыліся ў Беларусі. Але яны былі адлічаныя з вучобы за тое, што ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту супраць рэжыму А. Лукашэнкі. З гэтай прычыны хлопцы вымушаныя працягваць навучаньне за мяжой. “З міліцыі затэлефанавалі нам дахаты і сказалі, што мой сын злачынца”, – паведаміла маці аднаго са студэнтаў у Сьветлагорску. Бацькі іншага хлопца распавялі, што міліцыянты неаднойчы прыходзілі да іх дадому: “Яны казалі, што калі ня знойдуць сына, яго могуць пачаць разшукваць праз Інтэрпол”. Міліцыянты паабяцалі таксама, што студэнтаў “прывязуць з-за мяжы ў наручніках”, і што будзе заведзеная крымінальная справа. Зараз завяршаецца чарговы прызыў на вайсковую службу. У ваенкаматах канстатуюць, што прызыўнікоў больш, чым патрэбна. Бывае, што не прызываюць хлопцаў, якія самі жадаюць ісьці ў войска. Разам з тым кіраўніцтва Гомельскага абласнога ваенкамату тлумачыць: студэнты, якія былі адлічаныя з навучаньня, страцілі права на адтэрміноўку ад прызыву. Цяпер, нават калі яны і зноў паступілі вучыцца, мусяць быць выкліканыя на прызыўную камісію – такое, як кажуць супрацоўнікі ваенкамату, патрабаваньне заканадаўства. Палітычны характар ціску на бацькоў студэнтаў у ваенкамаце адмаўляюць. Тым не меньш, ніхто з гэтых студэнтаў не атрымліваў павестку ў ваенкамат, таму што ўсе з’ехалі на вучобу за мяжу яшчэ да пачатку прызыву, - паведамляе www.belngo.info.