Баранавічы: хто скардзіцца, а хто не верыць у справядлівасць ЦВК
Мясцовыя прэтэндэнты, якія не прайшлі рэгітрацыю кандыдатамі ў дэпутаты, занялі розныя пазіцыі адносна абскарджання адпаведных рашэнняў акруговых выбарчых камісіяў, аднолькава пры гэтым спасылаючыся на ўласны досвед удзелу ў ранейшых выбарчых кампаніях.
Так, баранавіцкі прадпрымальнік Дзмітрый Аўгуст, якога камісія Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акругі № 6 не зарэгістравала кандыдатам у дэпутаты, выявіўшы ў падпісных лістах 20% несапраўдных подпісаў грамадзянаў, падаў скаргу ў Цэнтрвыбаркам. Як ён распавёў, падчас мясцовых выбараў 2010 году ён таксама вылучаўся кандыдатам у Баранавіцкі гарадскі савет дэпутатаў шляхам збору подпісаў, аднак яму было адмоўлена ў рэгістрацыі з-за 26 “несапраўдных” подпісаў. Настойлівы прадпрымальнік напісаў скаргу ў Брэсцкую абласную выбарчую камісію, якая пасля праверкі прызнала подпісы сапраўднымі. Дзмітрый Аўгуст і цяпер упэўнены, што яго скарга ў ЦВК будзе цалкам задаволена.
А вось вылучэнец ад партыі левых “Справядлівы свет” Аляксандр Галькевіч, таксама не зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты, у другі раз удзельнічае ў парламенцкіх выбарах і лічыць, што скардзіцца ў ЦВК не мае ніякага сэнсу. На мінулых парламенцкіх выбарах у 2008 годзе яго таксама не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Тады ў абскарджанні рашэння камісіі аб нерэгістрацыі ён дайшоў да Вярхоўнага суда - але безвынікова. Таму цяпер Аляксандр Галькевіч, па яго словах, не хоча марнаць сілы і час на чыноўнікаў, якія служаць не закону, а толькі дзеля выканання несумленных загадаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”