viasna on patreon

Справаздача па выніках назірання за фарміраваннем участковых выбарчых камісій

2012 2012-08-11T12:57:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/za-svabodnyja-vybary-logo.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання

 

Справаздача па выніках назірання за фарміраваннем участковых выбарчых камісій

11 жніўня 2012 г.

 

У перыяд з 6 па 8 жніўня рашэннямі мясцовых адміністрацый, раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў былі сфарміраваныя 6301 участковых выбарчых камісій (УВК), у якія ўвайшлі 68 945 членаў. Фарміраванне адбывалася з ліку асобаў, вылучаных у перыяд да 5 жніўня арганізацыйнымі структурамі палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, працоўнымі калектывамі, а таксама грамадзянамі шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. Важнасць гэтага этапу электаральнага працэсу абумоўлена тым, што менавіта ў кампетэнцыі УВК знаходзіцца арганізацыя галасавання на ўчастках, уключна з выдачай бюлетэняў выбаршчыкам і падлікам галасоў.

Агульныя высновы

1. У складзе сфарміраваных УВК абсалютную перавагу маюць прадстаўнікі лаяльных да ўлады грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Прадстаўніцтва ў УВК гэтых суб’ектаў выбарчага працэсу ў параўнанні з ранейшымі выбарчымі кампаніямі павялічылася: з 41,5% у 2010 г. да 45,2 % у 2012 г.

2. У агульнай колькасці членаў УВК доля прадстаўнікоў апазіцыйных партый сёння складае каля 0,1 % (61 чалавек з 68945), яны прадстаўленыя менш чым у 1% камісій. Гэта выключае апанентаў улады з арганізацыі галасавання і падліку галасоў і такім чынам пазбаўляе магчымасці ўплываць на працу УВК.

3. Уведзеная ў 2010 г. у Выбарчы кодэкс (ВК) (артыкул 34) квота не менш за адну траціну для прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый у складзе УВК запаўняецца за кошт павышэння долі прадстаўніцтва праўладных грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Гэта не стварае большага плюралізму ў складзе УВК і не пазбаўляе выканаўчую ўладу магчымасці поўнага  кантролю за падлікам галасоў.

4. У пераважнай большасці выпадкаў УВК фарміраваліся непразрыста, шляхам зацвярджэння загадзя прапанаванага спісу, у шэрагу выпадкаў назіральнікі не мелі магчымасці назіраць за працэдурай прыняцця рашэння. Адсутнасць крытэрыяў для уключэння альбо адхілення вылучаных кандыдатур дазваляе органам выканаўчай улады маніпуляваць працэсам.

 

1. Прававое рэгуляванне фарміравання УВК

Згодна з артыкуламі 28 і 34 ВК падрыхтоўку і правядзенне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў забяспечваюць УВК. Яны фарміруюцца раённымі, гарадскімі выканаўчымі камітэтамі, а ў гарадах з раённым дзяленнем – мясцовымі адміністрацыямі.

Не менш не менш за адну траціну яе складу фарміруецца з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. У склад камісій не могуць уваходзіць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш за адну траціну складу камісіі.

На пасяджэнні органаў, якія ўтвараюць УВК, маюць права прысутнічаць прадстаўнікі палітычных партый, другіх грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія праставілі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі. Пры гэтым палажэнні артыкула 13 ВК не ўтрымліваюць указання на паўнамоцтвы назіральнікаў на гэтай стадыі выбарчай кампаніі, што выкарыстоўваецца для абмежавання назірання за прыняццем рашэння па фарміраванні УВК.

Рашэнне  органаў, якія ўтварылі камісіі, можа быць абскарджана ў судовым парадку ў трохдзённы тэрмін з дня прыняцця суб’ектамі, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісій.

УВК складаюцца з прадстаўнікоў палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў, а таксама прадстаўнікоў грамадзянаў, якія вылучаны шляхам збору подпісаў.

ВК абмяжоўвае магчымасці палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў вылучаць прадстаўнікоў у УВК у параўнанні з вылучэннем у акруговую выбарчую камісію (АВК). Яно даецца толькі тым арганізацыйным структурам партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць дзяржаўную рэгістрацыю альбо пастаўлены на ўлік у мясцовых органах улады. Такім чынам, рэспубліканскія грамадскія аб’яднанні, якія не маюць арганізацыйных структур, наогул пазбаўлены магчымасці ўдзелу ў выбарчым працэсе ў складзе УВК. Напярэдадні выбараў некаторыя арганізацыі (мінская гарадская і абласныя арганізацыі РПГА “Рух за Свабоду”, гродзенская арганізацыя Партыі БНФ) спрабавалі зарэгістраваць мясцовыя арганізацыйныя структуры, але атрымалі адмову. У выніку яны падпалі пад абмежаванне ВК і не артымалі права вылучаць сваіх членаў у склад выбарчых камісій.

 

2. Вылучэнне ў склад УВК

Не зафіксавана звестак аб адмове ў прыёме дакументаў па вылучэнні прэтэндэнтаў у УВК ад суб’ектаў. Аднак назіраецца істотнае разыходжанне паміж лічбамі вылучэнцаў у склад УВК, агучанымі апазіцыйнымі партыямі, і лічбамі, агучанымі Цэнтральнай камісіяй. Напрыклад, Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) заявіла пра вылучэнне ў склад УВК 296 сваіх сябраў, а ў афіцыйных дакументах указана лічба 240[1]. Аналагічныя разыходжанні маюцца ў афіцыйнай і партыйнай статыстыцыі вылучэння ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” і Партыі БНФ.

Усяго ў склад участковых выбарчых камісій паводле Цэнтральнай камісіі была вылучана 84781 кандыдатура, у тым ліку ад грамадзян шлахам падачы заявы – 32908 кандыдатуў (38,8%), ад працоўных калектываў – 15375 (18,1%), ад палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў – 36498 (43%).

Лідэрамі па вылучэнні з’яўляюцца праўладныя грамадскія аб’яднанні: Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі _ –  10400 прэтэндэнтаў (больш за 12%), Белая Русь – 4799 (каля 6%), Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) – 4345 (5%), Беларускі саюз жанчын – 4037 (каля 5%), Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў – 3138 (3,7%). Напрыклад, у Віцебскай вобласці гэтыя суб’екты разам з Беларускім грамадскім аб'яднаннем ветэранаў вылучылі ўсяго 85% прэтэндэнтаў ад грамадскіх аб'яднанняў або 32% ад агульнага ліку вылучаных у УВК. Актыўнасць гэтых арганізацый у па параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 г. у працэнтных суадносінах практычна не змянілася, але значна павялічылася ў параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2008 г.

У бягучай выбарчай кампаніі ў цэлым доля вылучаных у склад УВК прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў ўзрасла да 42%. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. яна склала 39,1%[2]. Адпаведна ў 2012 г. скарацілася колькасць кандыдатур у УВК ад грамадзян і працоўных калектываў.

Як і падчас выбараў 2010 г. у сёлетняй кампаніі кандыдатуры ў склад УВК прапанавалі 10 палітычных партый з 15 зарэгістраваных. Пры гэтым лаяльныя ўладам палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні павялічылі сваю актыўнасць. Напрыклад, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці вылучыла 832 прэтэндэнты, што ў два разы перавшае колькасць 2010 г.

У параўнанні з 2010 г. актыўнасць апазіцыйных партый знізілася: на прзідэнцкіх выбарах 2010 г. 1073 прэтэндэнта ад апазіцыйных палітычных партый складалі 1,3 % ад агульнай колькасці кандыдатаў. Сёння 664 кандыдатуры ад пяці апазыцыйных партый складаюць толькі каля 0,8 % ад агульнага ліку вылучэнцаў. Паводле дадзеных Цэнтральнай камісіі, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" вылучыла 216 чалавек, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя ("Грамада") – 30, АГП – 240, Партыя БНФ – 158, Беларуская партыя “Зялёныя” – 20. Доля апазіцыйных актывістаў сярод усіх, хто падаваўся ад палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, у 2010 г. складала 3,2 %, у 2012 г. – толькі 1,8 %.

Незарэгістраваныя палітычныя суб’екты – партыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД) і кампанія “Гавары праўду” – дзеля вылучэння сваіх прадстаўнікоў у склад УВК выкарыстоўвалі збор подпісаў выбаршчыкаў. БХД заявіла пра вылучэнне 171 прадстаўніка.

 

3. Характар правядзення пасяджэнняў мясцовых органаў улады па фарміраванні УВК

Некаторыя назіральнікі сутыкнуліся з праблемай допуску на пасяджэнні органаў, якія фарміруюць УВК. Мелі месца факты ўтойвання інфармацыі пра час пасяджэнняў. Парушаючы частку 2 артыкула 39 Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні” некаторыя выканкамы наогул адмовілі назіральнікам у праве прысутнічаць на пасяджэннях. Падобная  сітуацыя была зафіксавана ў Глыбоцкім, Вілейскім, Лагойскім, Маладзечанскім, Аршанскім, Віцебскім райвыканкамах і інш.

Пасяджэнні выканкамаў і мясцовых адміністрацый адбываліся ва ўмовах адноснай адкрытасці для назіральнікаў, але мелі выключна фармальны характар, аб чым сведчыць характар іх правядзення і працягласць. У абсалютнай большасці рэгіёнаў галасаванне зводзілася да хуткага і безальтэрнатыўнага зацвярджэння спісаў складу ка камісій, падрыхтаваных напярэдані пасяджэнняў у закрытым рэжыме. Паводле назіральнікаў, Бярозаўскі райвыканкам за 6 хвілін зацвердзіў 486 з 515 кандыдатур, Пружанскі – за 12 хвілін 558 кандыдатур з 701 і інш. На пасяджэнні Смалявіцкага райвыканкама ў дакладзе начальніка аддзела арганізацыйна-кадравай работы была агучана толькі колькасць пададзеных заяў і колькасны склад кожнай камісіі. У выніку галасавання ў склад УВК Смалявіцкага раёна ўключанана 80 % людзей, задзейнічаных на прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. Салігорскі райвыканкам на працягу 15 хвілін задаволіў 691 заяву з 741, прычым інфармацыя аб спосабах вылучэння ў сябры УВК, назвы партый і арганізацый кандыдатаў не паведамлялася, таксама як і прычыны, па якіх адны кандыдатуры ўключаліся ў склад УВК, а іншым было адмоўлена.

Нулявы конкурс у склад УВК быў на пасяджэннях Лагойскага, Івацэвіцкага, Верхнядзвінскага райвыканкамаў і інш.

У некаторых раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтах, мясцовых адміністрацыях назіральнікам была прадастаўлена магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі вылучэння ў склад УВК. Але шмат дзе органы, якія ўтвараюць камісіі, не далі назіральнікам і зацікаўленым асобам азнаёміцца з гэтымі матэрыяламі. Тым самым назіральнікі былі пазбаўлены магчымасці ўпэўніцца ў законнасці вылучэння кандыдатур у склад УВК, прынцып адкрытасці і галоснасці ў правядзенні выбарчых працэдур не забяспечваўся.

У рэгіянальным друку, на сайтах гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў апублікавана інфармацыя пра персанальны склад УВК, якая складаецца пераважна толькі з прозвішча, імя, імя па бацьку і спосабу вылучэння. Інфармацыя аб месцы працы не робіцца публічнай, таму што як і падчас ранейшых выбараў, камісіі сфарміраваны і кіруюцца па вытворчаму прынцыпу. Розныя працэдуры вылучэння выкарыстоўваюцца ўладамі для маскіроўкі дзяржаўнага кантролю над выбарчым працэсам.

Не адбылося пасяджэння па фарміраванні УВК участку, створанага ў Стакгольме. У выніку беларуска-шведскага дыпламатычнаага канфлікту персанал Пасольства Беларусі ў Швецыі быў адкліканы, а згаданы выбарчы ўчастак ліквідаваны.

 

4. Аналіз складу УВК

Паводле афіцыйных дадзеных[3] на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (без уліку ўчастковых камісій за межамі краіны) утворана 6301 УВК, у якія ўключана 68945 чалавек.

 

Прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку палітычных партый, у УВК склалі 45,3 %, прадстаўнікі працоўных калектываў – 16,2 %, вылучаныя ад грамадзян шляхам падачы заяў – 38,5 %. У параўнанні з прэзідэнцкімі выбарамі 2010 г. роля працоўных калектываў як суб’ектаў выбарчага працэсу зменшылася амаль на 4 %, а роля грамадскіх аб’яднанняў узрасла на 3,5 %.

Конкурс на месца ва ўчастковую камісію у сярэднім па краіне склаў 1,2 чалавекі. Гэты паказальнік істотна адрозніваецца ў Мінску – 1,6.

У агульнай колькасці членаў УВК доля прадстаўнікоў чатырох апазіцыйных партый сёння складае каля 0,1 % (61 чалавек з 68945). На прэзідэнцкіх выбарах 2010 г. доля прадстаўнікоў пяці апазіцыйных партый склала 0,26 % (183 чалавекі з 70815).

Параўнанне “працэнту праходнасці” праўладных і апазіцыйных партый і ГА дае падставы сцвярджаць аб дыскрымінацыйным падыходзе пры фармаванні УВК.

 

 

Назва партыі / ГА

 

Вылучана

ў УВК

 

Уключана

ў УВК

%

Праходнасці

 

 

Праўладныя партыі і ГА

1.

Беларуская аграрная партыя

571

485

85%

2.

Камуністычная партыя Беларусі

845

635

75%

3.

Рэспубліканская партыя

262

235

90 %

4.

Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці

832

704

85 %

5

Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя

609

551

90 %

6.

Белая Русь

4799

4189

87 %

7.

БРСМ

4345

3674

85 %

8.

Беларускі саюз жанчын

4037

3791

94 %

9.

Беларускае ГА ветэранаў

3138

2635

84 %

10.

ФПБ

10400

9418

91 %

 

Апазіцыйныя партыі

11.

Беларуская партыя “Зялёныя”

20

0

0 %

12.

Беларуская партыя “Справядлівы свет”

216

39

18 %

13.

БСДП (Грамада)

30

5

17 %

14.

АГП

240

5

2 %

15.

Партыя БНФ

158

12

8 %

 

У Мінску, дзе самая вялікая палітычная актыўнасць, вылучалася 186 прадстаўнікоў апазіцыйных партый. Ні адзін з іх не быў уключаны ў склад УВК (працэнт праходнасці – 0). У аругах, дзе балатуюцца лідэры апазіцыйных арганізацый, напрыклад лідэр ГА “Рух за свабоду” Аляксандр Мілінкевіч,  лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр аргкамітэта па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу Уладзімір Навасяд, а таксама некаторыя іншыя апазіцыйныя актывісты не ўключаны ў склад УВК, нягледзячы на актыўнае вылучэнне.

 

Абскарджванне неўключэння ў УВК

Пачаўся працэс абскарджвання рашэнняў аб неўключэнні ў склад УВК. Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" абскардзіла ў суд неўключэнне сваіх прадстаўнікоў у склад УВК в г. Воршы. Партыя БНФ падала скаргі ў суды Аўтазаводскага, Першамайскага і Ленінскага раёнаў г. Мінска, а таксама ў суд г. Маладзечна. Актывісты Магілёўскага абласнога аддзялення ГА БНФ “Адраджэньне” і Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” звярнуліся ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Віцебскі абласны камітэт БСДП (Грамада) і Віцебскае абласное аддзяленне Партыі БНФ падалі скаргі на неўключэнне сваіх прадстаўнікоў у УВК Віцебскай вобласці.

У г. Віцебску група выбаршчыкаў, якая вылучыла Паўла Левінава, абскардзіла рашэнне адміністрацыі Першамайскага раёна горада аб страварэнні УВК №57 Віцебскага-Чкалаўскай выбарчай акругі № 18. Прычынай паслужылі выяўленыя шматлікія парушэнні працэдур вылучэння. Выбаршчыкаў абурыла тое, што ў склад УВК зноў уключаны Маркоўскі, які дыскрыдытаваў сябе падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г., у выніку чаго быў вызвалены з пасады старшыні УВК і адхілены ад працы ў камісіі. Суд адмовіў у задавальненні скаргі. Іншыя вынікі абскарджванняў будуць прааналізаваны ў наступных справаздачах.



[1] Сведения о выдвижении представителей в состав участковых избирательных комиссий по выборам депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва. Рэжым доступу: http://www.rec.gov.by/Elections-PPNS5-Electoral.

[2] Сборник  электоральной статистики "Выборы Президента Республики Беларусь в 2010 году". Рэжым доступу: http://www.rec.gov.by/Elections-PRB.

[3] Сведения о составе участковых избирательных комиссий по выборам депутатов Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь пятого созыва. Рэжым доступу: http://www.rec.gov.by/Elections-PPNS5-Electoral.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства