Хоцімск: Каранкевіч зноў падаў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы
Прэтэндэнт у кандыдаты з Хоцімска Валерый Каранкевіч 17 ліпеня паўторна падаў у камісію Крычаўскай выбарчай акругі № 83 дакументы на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы.
У склад новай ініцыятыўнай групы Валерыя Каранкевіча ўвайшло 16 чалавек.
“Сябры акруговай камісіі адразу ж прынялі ў мяне дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Таксама яны казалі мне, што не маюць ніякіх адносінаў да таго ціску, які быў арганізаваны на некаторых сябраў ранейшага складу маёй групы, якія напісалі заявы, каб іх выключылі з ініцыятыўнай групы. Гэтыя заявы былі арганізавана прывезены з Хоцімска. Сябры камісіі паказалі мне пяць пісьмовых заяваў гэтых людзей, а шостую так і не здолелі знайсці. Таксама старшыня камісіі паведаміў мне, што пытанне рэгістрацыі маёй новай ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў будзе разгледжана на паседжанні акруговай камісіі ў пятніцу 20 ліпеня”.
16 ліпеня акруговая камісія Крычаўскай выбарчай акругі № 83 адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы прэтэндэнта ў кандыдаты Валерыя Каранкевіча. Падставай для адмовы стала тое, што шэсць з пятнаццаці сябраў групы напісалі пісьмовыя заявы аб тым, што яны адмаўляюцца вылучаць Валерыя Каранкевіча ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Спадар Каранкевіч кажа, што ён накіруе скаргу старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай на дзеянні тых прадстаўнікоў уладных структур, якія аказвалі ціск на ранейшых сябраў ініцыятыўнай групы па яго вылучэнні ў якасці кандыдата.
“Я ведаю прозвішчы гэтых людзей, мне іх назвалі тыя сябры маёй ініцыятыўнай групы, якія вымушаны былі адмовіцца ад падтрымкі майго вылучэння ў якасці кандыдата, - кажа Валерый Каранкевіч. – Я буду пісаць скаргу ў ЦВК на імя Лідзіі Ярмошынай, нельга беспакарана ціснуць на людзей. У нас не 1937-мы год”.
Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч плануе вылучацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пры падтрымцы кампаніі “Гавары праўду”.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"