Слонім. «Перадумалі і адмянілі!»
Слонімская раённая газета "Слонімскі веснік" 11 ліпеня надрукавала рашэнне Слонімскага райвыканкама аб месцах, забароненых для пікетавання. Да гэтых месцаў райвыканкам аднёс усе цэнтральныя вуліцы Слоніма: Першамайскую, Пушкіна, Савецкую, Чырвонаармейскую, Маякоўскага, Купалы, Сінічкіна, Хлюпіна, Ружанскую, Воперную і іншыя. Таксама пікетаванне, згодна рашэнню выканкама, было забаронена на гарадскіх рынках і стадыёне "Юнацтва".
І вось новае рашэнне Слонімскага выканкама аб месцах, забароненых для пікетавання, якое з'явілася на сайце Слонімскага выканкама. Выканкам вусна адмяніў старое рашэнне і вызначыў новыя наступныя месцы ў г. Слоніме, забароненыя для правядзення пікетавання па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання:
1.1. на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла-і энергазабеспячэння , установы дашкольнай адукацыі, установы агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, арганізацыі аховы здароўя);
1.2. у месцах, якія ўяўляюць небяспеку для жыцця і здароўя грамадзян, якія
перашкаджаюць рабоце прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і руху транспарту.
На пытанне, чаму выканкам адмяніў сваё рашэнне аб месцах, забароненых для
пікетавання, якое было апублікавана раней у раёнцы, старшыня Слонімскай
выбарчай акруговай камісіі № 58 (яна ж кіраўнік справамі райвыканкама) Алена
Мачаліна сказала: “перадумалі і адмянілі!”
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»