Фатограф Антон Сурапін затрыманы на трое сутак
Менавіта Антон першым размясціў на сваім сайце bnp.by фота з мяккімі мядзведзямі, да якіх былі прымацаваныя парашуты і лозунгі з заклікамі да свабоды слова ў Беларусі.
Раніцай 13 ліпеня да яго дадому прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Яны правялі ператрус, пасля чаго тэлефон Антона перастаў адказваць. Толькі позна ўвечары сябра Антона Сурапіна напісаў у сваім Твітары, што следчы патэлефанаваў маці хлопца і паведаміў, што той затрыманы на 72 гадзіны для правядзення праверкі.
Нагадаем, што першая інфармацыя, а таксама фота і відэа аб нелегальным палёце шведскага самалёта над Беларуссю і "дэсанце" плюшавых мядзведзяў з'явілася 4 ліпеня. Пазней у інтернэце было апублікаванае поўнае відэа палёту. Афіцыйны Мінск адмаўляе факт парушэння беларускай мяжы і называе відэа- і фотаматэрыялы сфабрыкаванымі "у фаташопе".