«Беларусь 1» пазбягае ўзгадваць пра апазіцыйныя партыі
У сюжэце ад 6 ліпеня, прысвечаным завяршэнню вылучэння прадстаўнікоў у склады акруговых выбарчых камісій на выбарах у парламент 2012 года, тэлеканал «Беларусь 1» не згадаў назвы ніводнай апазіцыйнай партыі.
У аднамінутным роліку асвятляецца сітуацыя ў Брэсцкім рэгіёне. У прыватнасці, тэлеканал паведамляе, што ў сувязі са зменамі межаў выбарчых акругаў «у берасцейцаў у новым парламенце стане на аднаго прадстаўніка больш» - цяпер іх будзе чатыры.
«Сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых выбарчых камісій вылучылі Саюз моладзі, ветэранская арганізацыя, Саюз афіцэраў, Кампартыя Беларусі і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці», - гаворыцца ў сюжэце, які можна паглядзець на сайце Белтэлерадыёкампаніі.
У той жа час, як паведамлялася раней, у Брэсцкай вобласці апазіцыйныя партыі вылучылі ў акруговыя выбаркамы 32 сваіх прадстаўніка. Партыя левых «Справядлівы свет» вылучыла 13 чалавек, з іх 4 - у абласным цэнтры. Па восем чалавек вылучылі мясцовыя арганізацыі Партыі БНФ (двое - у Брэсце) і Аб'яднанай грамадзянскай партыі (5 - у Брэсце). Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) вылучыла траіх актывістаў, з іх двое - у Брэсце.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»