Магілёўскія дэмсілы вылучаць 18 кандыдатаў на выбары
Як паведаміў Юрый Новікаў, старшыня Каардынацыйнай рады Магілёўскай абласной кааліцыі дэмсілаў, магілёўскія дэмакраты падтрымаюць вылучэнне 18 кандыдатаў у дэпутаты ў розных рэгіёнах вобласці.
Дэмакратычныя кандыдаты збіраюцца ісці на выбары як праз партыйнае вылучэнне, так і шляхам збору подпісаў. Удзельнічаць у парламенцкай кампаніі плануюць прадстаўнікі цэлага шэрагу партый і арганізацый - ПБНФ, АГП, “Справядлівага свету”, руху “За свабоду” і кампаніі “Гавары праўду”. Кандыдаты ад абласной кааліцыі дэмакратычных сілаў будуць удзельнічаць у змаганні за дэпутацкія мандаты у дзесяці выбарчых акругах з трынаццаці, якія існуюць у Магілёўскай вобласці. На дадзены момант не прадстаўлены вылучэнцы ад апазіцыі толькі ў трох акругах: Бабруйскай-Ленінскай № 78, Бабруйскай сельскай № 80 і Горацкай № 82.
У некторых выбарчых акругах дэмакратычныя прэтэндэнты будуць канкураваць за выбарчыя мандаты паміж сабой. Так, па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 збіраюцца вылучацца у якасці кандыдатаў прадстаўнікі “Гавары праўду” Валерый Каранкевіч і Руху “За свабоду” Мікалай Гердзій, па Магілёўскай-Ленінскай выбарчай акрузе № 84 і Магілёўскай –Цэнтральнай выбарчай акрузе № 85 будзе ажно па чатыры прадстаўнікі ад розных дэмакратычнага лагеру.
У дзвюх выбарчых акругах перасякуцца прадстаўнікі ад Партыі БНФ і партыі "Справядлівы свет". У Магілёўскай сельскай акрузе № 88 - Тамара Маскалёва (БНФ) і Канстанцін Тыртычны ("Справядлівы свет"), а ў Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 - Рыгор Кастусёў (БНФ) і Зінаіда Мілешчанка ("Справядлівы свет").
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”