Праваабаронцу выдалілі з суду па справе звольненага актывіста “Граніта”
У Лунінцы распачаўся судовы працэс паводле заявы намесніка старшыні суполкі незалежнага прафсаюза прадпрыемства “Граніт” Мікалая Карышава, які дамагаецца аднаўленя на працы.
Мікалай Карышаў спрабуе даказаць, што падпісаная дамова паміж ім і наймальнікам была складзена з парушэннем заканадаўства. Новы кантракт з прафсаюзным актывістам адміністрацыя прадпрыемства адмовілася падпісваць нібыта з-за вымоў, якія былі вынесены Карышаву цягам некалькіх дзён падчас праверкі (раней за сем гадоў працы на “Граніце” ніякіх заўваг рабочы не атрымоўваў).
Мікалай Карышаў выказаў недавер старшыні Лунінецкага раённага суду Васілю Бельскаму, які вядзе гэтую справу, бо менавіта згаданы суддзя раней не ўбачыў парушэнняў у звальненні кіраўніка незалежнай прафсаюзанай суполкі “Граніта” Алега Стахаевіча. Хадайніцтва аб замене суддзі было адхілена, а пазней Васіль Бельскі пагражаў штрафам і ўрэшце выдаліў з залы праваабаронцу Уладзіміра Малея (на фота), нібыта за парушэнне дысцыпліны ў часе судовага паседжання. Пазней суддзя вымушаны быў запрасіць Малея на разгляд справы, бо той прадстаўляе інтарэсы заяўніка ў якасці прававога інспектара Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў.
Падчас паседжання з’явіліся новыя факты ў справе пра звальненне Карышава, таму судовае разбіральніцтва па аднаўленню яго на працы перанесена на 17 ліпеня.