Гепракуратура: хлусня салігорскіх міліцыянтаў не трапляе пад крымінальную адказнасць
Генеральная пракуратура фактычна прызанала той факт, што супрацоўнікі Салігорскага РАУС схлусілі ў сваіх сведчаннях ў судзе і пракуратуры Салігорскага района. Адбылося гэта падчас разбіральніцтва па справе аб адвольных затрыманнях былога падпалкоўніка міліцыі Віктара Малочкі на мінулагадовых акцыях “маўклівага” пратэсту.
- Пасля з’яўлення ў сеціве інфармацыі аб маіх мытарствах на шляху да праўды, намеснік Генпракурора А. М. Лашын, хоць і са спазненнем, але ўсё ж даў адказ на скаргу, - кажа Віктар Малочка.
Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы былому падпалкоўніку было адмоўлена на той падставе, што ілжывыя тлумачэнні салігорскіх міліцыянтаў, у тым ліку кіраўніка начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Георгія Крывальцэвіча, у пракуратуры Салігорскага раёна былі дадзены да ўзбуджэння крымінальнай справы. А хлусьня супрацоўнікаў Салігорскага РАУС у судзе пад час разгляду грамадзянскага пазову Віктара Малочкі па гэтай справе, на думку намесніка Генпракурора, не паўплывала на абгрунтаванасць прынятага судом рашэння.
- Калі Генпракуратура лічыць, што хлусня маіх былых калегаў не была істотнай, дык хай тады патлумачыць хто ўсё ж і як мяне затрымліваў у гэтак званыя “маўклівыя” серады мінулым летам, - падсумоўвае падпалкоўнік у адстаўцы.
Па словах Віктара Малочкі, у бліжэйшыя дні ён звернецца за адпаведнымі тлумачэннямі непасрэдна да Генеральнага пракурора.