Гулак: «Барацьба з тэрарызмам» – закручваньне гаек
У сьпіс дзяржаўных установаў, якія змагаюцца
з тэрарызмам і экстрэмізмам, могуць дадацца Памежны і Мытны
камітэты Беларусі, а таксама Міністэрства інфармацыі. Такая норма
закладзеная ў зьмяненьнях і дапаўненьнях у некаторыя законы
Рэспублікі Беларусь у пытаньнях барацьбы з тэрарызмам
і супрацьдзеяньня экстрэмізму.
Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак лічыць,
што пад выглядам «барацьбы з тэрарызмам» улады ўсё больш нагнятаюць
гістэрыю ў грамадзтве.
Гулак: «З аднаго боку, Беларусь не абмінула праблема
тэрарызму. З другога боку, у мяне ўражаньне, што гэтая тэма
выкарыстоўваецца для закручваньня гаек. Пад выглядам барацьбы з тэрарызмам
усё больш нагнятаецца атмасфэра гістэрыі.
Грамадзтву невідавочна, што з рэальнымі тэрактамі барацьба вядзецца
максымальна эфэктыўна. Увесь час ідзе гаворка пра нейкія тэрарыстычныя групы,
пры гэтым нічога канкрэтнага няма, але як страшылкі гэта выкарыстоўваецца
і гайкі закручваюцца».
Намесьнік старшыні БАЖ, рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць»
Аляксандар Старыкевіч адзначае, што новыя функцыі Міністэрства
інфармацыі могуць прывесьці да новых захадаў супраць незалежных СМІ.
Старыкевіч: «Звычайна ўвесь дзяржаўны апарат заточаны
не на барацьбу з тэрарызмам, а на барацьбу
з апазыцыяй і тымі, хто мае адрозную думку. І часам гэтыя
іншадумцы разглядаюцца як тэрарысты, дастаткова ўспомніць любімыя словы
Лукашэнкі пра „пятую калёну“. І тое, што ўлада падключае тут
і Міністэрства інфармацыі, сьведчыць пра тое, што могуць быць самыя розныя
захады да СМІ, якія будуць паведамляць пра тыя ці іншыя дзеяньні
апазыцыі».