Судовае паседжанне па забароне велапрабега прызначана на 4 ліпеня
На мінулым тыдні ў судзе Салігорскага раёна адбылася дасудовая гутарка прадстаўнікоў мясцовага выканкаму і заяўніка маладафронтаўскага велапрабегу Андрэя Тычыны.
Падчас сустрэчы пытанне аб прымірэнні бакоў нават не ўздымалася. Не былі задаволены хадайніцтвы маладафронтаўца аб прад’яўленні юрыстамі выканкаму мапы аналагічнага велапрабегу, які ладзіўся праўладнай арганізацыяй “Белая Русь”.
На думку Андрэя Тычыны, з юрыдычнага пункту гледжання ў незалежным і справядлівым судзе ў Салігорскага выканкаму не было б аніякіх шанцаў на перамогу:
- Я кансультаваўся з юрыстамі, таму перакананы, што на судовым паседжанні выканкам будзе літаральна зганьбаваны за гэткую антыканстытуцыйную і наўпрост бязраматную забарону нашага мірнага мерапрыемства, - мяркуе маладзён. - На жаль, у Беларусі судовыя пастановы часта выносяцца сыходзячы з палітычных матываў, таму ў станоўчае рашэнне я веру слаба. Як бы ні было, буду дамагацца аднаўлення сваіх правоў.
Зрэшты, чакаць засталося нядоўга. Суддзя Валянціна Лапіна прызначыла паседжанне на 4 ліпеня ў 10.30. Маладафронтаўцы заклікаюць усіх ахвотных прыйсці ў залу суда і самім вызначыць, на чыім баку праўда. Збор удзельнікаў запланаваны каля 312 кабінету.