Моўчан адмовіўся падпісваць міліцэйскі пратакол
Зьбіты міліцыянтамі актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Моўчан адмовіўся падпісаць пратакол, у якім напісана, што ён не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі.
«А 10-й гадзіне вечара 24 чэрвеня да мяне на кватэру зьявіліся два капітаны міліцыі,
супрацоўнікі Першамайскага РАУСу. Яны сказалі, што прыйшлі
па справе майго затрыманьня, якое адбылося 19 траўня.
Я ім адказаў: пра ўсе абставіны гэтай справы я ўжо распавёў
у Сьледчым камітэце. Яны кажуць: камітэт — гэта адно,
а мы — іншае.
Але потым высьветлілася, што міліцыянты атрымалі ліст са Сьледчага
камітэту. І ім прадпісана скласьці на мяне пратакол
аб адміністрацыйнай справе паводле артыкула 23.4 — непадпарадкаваньне
міліцыі. Я вельмі зьдзівіўся, бо, наколькі я ведаю, камітэт
не знайшоў у маіх дзеяньнях непадпарадкаваньня. Таму я напісаў
на пратаколе, а ён ужо быў загадзя падрыхтаваны, што
з пратаколам ня згодны. Яны забралі паперы і пайшлі», —
сказаў Моўчан.
Афіцыйнага адказу са Сьледчага камітэту, які працягнуў разгляд гэтай
справы да 30 чэрвеня, Андрэй Моўчан пакуль не атрымаў. Дэмакратычны
актывіст таксама сказаў, што галава ў яго баліць меней, але пачаліся
праблемы з вокам: «і бачыць пачаў дрэнна, і баліць».
19 траўня Андрэй Моўчан разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг каля ўнівэрсаму
«Першамайскі» ў менскім мікрараёне Ўручча на знак салідарнасьці
зь Сяргеем Каваленкам. Міліцыянты затрымалі яго і жорстка зьбілі.
Паводле папярэдняй высновы лекараў, у Андрэя была чэрапна-мазгавая траўма,
пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі.
25 траўня Андрэя Моўчана выпісалі са шпіталя хуткай дапамогі,
накіраваўшы на лячэньне ў паліклініку. У эпікрызе пры выпісцы
пазначана толькі тое, што ён атрымаў лёгкую чэрапна-мазгавую траўму.
Пералом сківіцы, а таксама іншыя траўмы стаяць пад пытаньнем.
28 траўня на Андрэя Моўчана ў міліцыі склалі два
адміністрацыйныя пратаколы. Адзін — паводле стандартнага ўжо для
апазыцыянэраў артыкула 17.1, што нібыта лаяўся матам. Другі — 23.34,
несанкцыянаванае пікетаваньне.