Прызначэнне новага “галоўнага міліцыянта” ў Віцебску адзначылі ўлёткамі і графіці
У Віцебску адзначаюцца так званыя “Дні горада”, і гэта першыя святкаванні ў абласным цэнтры, калі правапарадак супрацоўнікі міліцыі ахоўваюць на чале з новым кіраўніком абласной управы МУС. Актывісты “Народнага аўтаномнага супраціву” і “Маладога фронту” вырашылі бліжэй пазнаёміць землякоў з новапрызначаным палкоўнікам Яўсеевым.
Актывісты “Н.А.С” зрабілі трафарэты з партрэтам новага кіраўніка віцебскай міліцыі і надпісам “Асцярожна! Пярэварацень у пагонах!” Цяпер такія выявы можна сустрэць у шмат якіх месцах горада. А маладафронтаўцы распаўсюдзілі ўлёткі з інфармацыяй пра Ігара Яўсеева. У прыватнасці, папярэдзіўшы гараджан, што гэты чалавек на былой пасадзе намесніка кіраўніка мінскай міліцыі адзначыўся на разгонах вулічных акцый 19 снежня 2010 года, а таксама на акцыях “маўклівага пратэсту” ўлетку 2011 года.
Былы намеснік кіраўніка мінскай міліцыі Ігар Яўсееў прызначаны начальнікам віцебскай абласной міліцэйскай управы з 15 чэрвеня.