viasna on patreon

Афрыка: "Толькі для белых!"

2012 2012-02-26T13:58:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/aparteid.jpg

Музей апартэіду кранае амаль да слёз. Не, там няма ніякіх жахлівых кадраў закатаваных чорных, ніякіх пастрэляных ці павешаных целаў. Усё пачынаецца з квітка.

На квітку ў кожнага пазначана, якога ён колеру: "белы" ці "не белы". І ў залежнасці ад гэтага мы ўваходзім у той ці іншы ўваход з рознымі шыльдамі, кшталту, "Сядзенне толькі для белых" і г.д.

Далей малы экскурс у гісторыю Паўднёвай Афрыкі: ад старажытных часоў і першых паселішчаў да сучаснасці. Гэтай зямлі пашанцавала, а дакладней, пашанцавала наадварот — мець багатыя запасы золата і алмазаў. Таму як толькі белыя каланізатары пранюхалі, што ПАР — лёгкая нажыва, узнік у тым ліку Ёханэсбург. Мясцовых чорных абарыгенаў звезлі з Ёбурга ў маленькі гарадок Саўэта (пра яго — пазней), набудавалі ім там баракаў, і штодня яны за капейкі працавалі на нізкааплатных працах, у тым ліку і на залатых шахтах.

Апартэід (расавая сегрэгацыя) быў жахлівай плямай у гісторыі ўсяго чалавецтва, бо людзей пераследвалі літаральна за ўсё: выдавалі пропускі на працу, у зоны пражывання белых, падзялялі аўтобусы на сядзенні для белых і "каляровых", былі раздзельныя пляжы, бальніцы, школы і ўніверсітэты. Не хапала толькі пісьмовых дазволаў на тое, каб схадзіць у прыбіральню. Таксама з сярэдзіны мінулага стагоддзя было забаронена мець сэксуальныя кантакты паміж белымі і "не белымі", і, натуральна, брацца шлюбам. Людзі вар'яцелі! Афіцыйна запісваліся ў пашпартах з чорных на каляровых ці з белых — на чорных.

Вельмі крыўдна і балюча чытаць усе гэтыя дакументы і глядзець фотаздымкі, і я ўсё чакаю, калі пачнецца частка музея, дзе распавядуць пра змаганне афрыканскага мясцовага насельніцтва — і вось я трапляю ў залу, цалкам прысвечаную Нэльсану Мандэлу. 

Нэльсан Мандэла — сапраўдны духоўны лідар нацыі і ўсяго афрыканскага чорнага насельніцтва. Ён 30 гадоў свайго жыцця правёў у турме за свае ідэі і перакананні і не адмовіўся ад іх. Неўзабаве пасля вызвалення, стаў прэзідэнтам Паўднёвай Афрыкі. Тут змешчаныя ягоныя лісты з камеры, сямейныя фотаздымкі і сучаснасць — наколькі вялікае месца ў сэрцах усіх афрыканцаў займае гэты чалавек.

Сярод экспанатаў Музею апартэіда... клетка, поўная зброі, якая прымянялася спецпадраздзяленнямі для падтрымання парадку, ці 121 пятля як нагадванне аб павешаных падчас апартэіду палітвязняў, якія змагаліся супраць паздзелу людзей на "са знакам якасці" і без. Памяшканні зусім розныя: светлыя, цёмныя, з розных кутоў гучаць прамовы лідараў і натхняльнікаў тых часоў, фотаздымкі, відэазапісы, там жа ў асобным памяшканні захоўваецца новая Канстытуцыя, якая лічыцца адной з самых дэмакратычных ва ўсім свеце. 

І вось нарэшце выходзім на вуліцу, а перад выхадам з музея — вазы з каляровымі даўгімі пруткамі. Задача кожнага наведвальніка — абраць сабе адзін з колераў, які найбольш адпавядае ўнутраным чалавечым каштоўнасцям, — і паставіць у адну з ваз. Напрыклад, чырвоны — справядлівасць, антырадыкалізм, смеласць, жоўты — сумленнасць, лаяльнасць, а зялёны — прымірэнне, аб'яднанне, лідарства, прабачэнне. Я абрала зялёны. Далей — такі ж зялёны луг і возера, дзе можна падумаць пра ўбачанае…

Афрыканская вандроўка на Еўрарадыё


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства