Гародня: як звычайна суд на баку гарвыканкаму
12 чэрвеня ў Гародні прайшоў разгляд скаргі актывіста Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі Сяргея Ліса да гарвыканкаму на прадмет забароны пікету, які быў заяўлены на 15 траўня бягучага году.
Суддзя Ленінскага раённага суду Ала Баўсук за паўгадзіны разгледзела справу і не задаволіла скаргу. Інтарэсы гарвыканкама прадстаўляў юрыст Леанід Жук. А Сяргей Ліс спрабаваў заявіць сваёй прадстаўніцай на судзе Аляксандру Васілевіч, але суддзя не задаволіла гэтае хадайніцтва. У адказ на пытанне самой Васілевіч пра тое, ці будзе адмова ва ўдзеле прадстаўніка адлюстраваная пісьмова ў пратаколе судовага паседжання, суддзя Ала Баўсук выдаліла яе з кабінета – фармальна за парушэнне хады судовага працэсу.
Хто і калі будзе разглядаць аналагічную скаргу самой Аляксандры Васілевіч, якой гарвыканкам таксама адмовіў у правядзенні пікету пад лозунгам “За справядлівыя выбары без Лукашэнкі”, пакуль невядома.