Васіль Парфянкоў накіраваў у суд касацыйную скаргу
Актывіст грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" Васіль Парфянкоў накіраваў касацыйную скаргу на свой прысуд у Мінскі гарадскі суд. Як удзельніка падзеяў на плошчы 19 снежня 2010 года яго прысудзілі да 4 гадоў зняволення. У жніўні 2011 года ён быў памілаваны. Але ў студзені 2012 году міліцыя ўстанавіла за Парфянковым прафілактычны нагляд, за парушэнне якога ён быў зноў асуджаны. 29 мая суд Першамайскага раёна Мінска прыгаварыў яго да 6 месяцаў арышту.
Васіль Парфянкоў не прызнаў сябе вінаватым. У скарзе ён просіць адмяніць прысуд.
- Там і напісана, адмяніць прысуд, з-за таго, што актыўная грамадская пазіцыя. Улада спрабуе мяне ізаляваць, ёсць такая невялікая надзея, што падвядуць пад амністыю і згодна закону аб амністыі могуць адмяніць. Але гэта па логіцы, але ў іх жа логікі ніякай няма.
Па словах Васіля Парфянкова, на самой справе асуджаны ён не за парушэнні прафілактычнага нагляду, а за сваю грамадзянскую пазіцыю. "Уладам непатрэбныя людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія маюць досвед працы з насельніцтвам, асабліва напярэдадні кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў" - лічыць Васіль Парфянкоў.