Трыбуна FIDH: Для Алеся Бяляцкага вясна прымушае сябе чакаць ...
Altermondes, № 30, чэрвень 2012
БЕЛАРУСЬ.
З моманту сумніўнага пераабрання Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам у 2010 г.
сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не перастае пагаршацца. Сімвалам гэтых
рэпрэсій з'яўляецца арышт Алеся Бяляцкага, старшыні Праваабарончага цэнтра
"Вясна", у жніўні 2011 г.
Суэр Белхасэн, прэзідэнт Міжнароднай
Федэрацыі за правы Чалавека (FIDH)
Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH і старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна»,
быў прысуджаны 24 лістапада 2011 года да 4,5 гадоў калоніі строгага рэжыму і з канфіскацыяй
ўсёй яго маёмасці, у тым ліку офіса ПЦ "Вясна". Гэты прысуд - прамы
вынік яго праваабарончай дзейнасці. Абвінавачаны ўладамі ва «ўхіленні ад
выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах», ён знаходзіцца ў зняволенні ў
Беларусі з 4 жніўня 2011 года. Асуджаны па выніках несправядлівага судовага
працэсу, наш віцэ-прэзідэнт і сябра адбывае сёння пакаранне ў калоніі строгага
рэжыму № 2 горада Бабруйска, дзе ён павінен выконваць папраўчыя працы. Умовы
яго заключэння вельмі цяжкія, але гэты нястомны абаронца свабоды ніколі не
скардзіцца: “Я непакоюся за ўсіх тых, хто
знаходзіцца па іншы бок сцяны”, - піша ён з турмы. І дадае: “Што тычыцца мяне, я знаходжуся менавіта
там, дзе павінен знаходзіцца праваабаронца пры цяперашнім гнілым рэжыме”.
Трэба сказаць, што з моманту яго арышту, больш за восем месяцаў таму, жорсткія
рэпрэсіі, якія пачаліся ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці Беларусі пасля
вельмі крытыкуемых прэзідэнцкіх выбараў 2010 г., толькі ўзмацніліся. Былі
прынятыя новыя, пагібельныя для свабоды законы з мэтай забараніць масавыя акцыі
і задушыць асацыяцыі.
Праваабаронцы сталі пераследвацца больш, чым калі-небудзь раней. Зразумела,
праваабарончы цэнтр «Вясна», які ўзначальвае Алесь з моманту яго стварэння ў
1996 г., застаецца пад прыцэлам уладаў. Нядаўна Валянціну Стэфановічу,
намесніку старшыні арганізацыі, было забаронена пакідаць тэрыторыю Беларусі, як
і шматлікім іншым праваабаронцам. Сёння ў Беларусі налічваецца 13 палітвязняў,
якія падвяргаюцца вялікаму ціску, пазбаўленыя адвакатаў, судзімыя па некалькі
разоў запар і прысуджаныя да ўсё больш суровых пакаранняў. Не варта падманвацца
з нагоды нядаўняга вызвалення, 14 і 15 красавіка 2012, двух лідэраў апазіцыі -
кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 г. Андрэя Саннікава і каардынатара яго
кампаніі Дзмітрыя Бандарэнкі. Гэта вызваленне не з'яўляецца знакам якой-небудзь
лібералізацыі рэжыму Лукашэнкі: апазіцыянеры былі адпушчаныя на свабоду толькі
пасля цяжкіх фізічных і маральных катаванняў, што прымяняліся да іх, каб
прымусіць іх падпісаць ліст прэзідэнту з просьбай аб памілаванні ...
Тым не менш, іх вызваленне стала магчыма толькі дзякуючы міжнароднаму ціску.
Краіны Еўрапейскага Саюза зрабілі больш жорсткім тон, адклікаўшы сваіх паслоў з
Беларусі ў канцы лютага. Аднак санкцыі, якія прымаюцца супраць Беларусі,
павінны быць больш мэтанакіраванымі і цэліць ў самае сэрца рэжыму. Двайная
стратэгія ЕС - гучна выказваць сваю падтрымку ў дачыненні да грамадзянскай
супольнасці Беларусі і прымаць «абмежавальныя меры» ў дачыненні да ўрада і ўсіх
набліжаных да рэжыму Лукашэнкі асоб (у прыватнасці, замарожванне рахункаў і адмова
ў візе) - будзе сапраўды эфектыўнай толькі ў тым выпадку, калі краіны ЕС будуць
дзейнічаць разам.
У цяперашні ж час эканамічныя інтарэсы розных дзяржаў перашкаджаюць рэалізацыі
гэтай стратэгіі і дазваляюць Лукашэнку і яго паплечнікам пазбягаць санкцый.
Так, даводзіцца з шкадаваннем канстатаваць, што Юрый Чыж, бізнэсмэн, блізкі да
Лукашэнкі, які трапляе пад санкцыі ЕС, нядаўна змог заключыць буйны кантракт са
славенскай кампаніяй «Рыка» на будаўніцтва гасцініцы класа люкс ў сталіцы
Беларусі Мінску. Неабходна, каб, дамагаючыся безумоўнага вызвалення ўсіх
палітвязняў і нашага віцэ-прэзідэнта Алеся, краіны Еўрапейскага Саюза
дзейнічалі разам у дачыненні да апошняй дыктатуры Еўропы. Як піша Алесь з
калоніі: «Вецер мяце сухі снег па вуліцы,
па чорным асфальце ўецца белая завея. У каранціне мы праводзілі практычна ўвесь
час у двары пад вясновым сонцам. Цяпер яно амаль зусім знікла і з'яўляецца
толькі зрэдку». Вясна ў Беларусі сапраўды прымушае сябе чакаць ...