Місія ЗША ў АБСЕ пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі
Місія мяркуе, што ўрад РБ
абмяжоўвае свабоду перамяшчэння сваіх грамадзянаў, і асуджае гэтыя дзеянні. Як
прыклад прыводзіць нядаўнія затрыманні на мяжы былых палітычных вязняў Андрэя
Саннікава ды Змітра Бандарэнкі. Місія заклікае беларускі бок спыніць
пераслед і аднавіць ў грамадзянскіх ды палітычных правах усіх былых
палітвязняў, не абмяжоўваць свабоды перамяшчэння беларускіх грамадзянаў.
З журналістамі – жорстка
Дзеянні ўладаў у дачыненні незалежных журналістаў ЗША называюць жорсткімі.
Узгадваюць выпадак 31 траўня, калі карэспандэнтку радыё “Свабода” Іну
Стужынскую затрымалі на 3 гадзіны ў Светлагорску падчас асвятлення сустрэчы
актывістаў апазіцыі з мясцовымі жыхарамі. Таксама ў справаздачы ЗША называюць
імёны затрыманых разам са спадарыняю Стужынскаю калегаў: тэлежурналістка Аліна
Радачынская, тэлеаператар Аляксандр Баразенка, фатограф Сяргей Балай.
У той жа дзень ў Горадні міліцыя затрымала журналістаў Яна Романа, Юлію
Каляду і Андрэя Пачобута, якія меліся асвятляць пікет Саюзу палякаў.
На наступны дзень дзве тэлежурналісткі, Таццяна Белашова і Вольга
Чайчыц, трапілі ў рукі сталічнай міліцыі падчас здымкаў святкавання Дня
абароны дзяцей.
“Малады фронт” пад арыштам
Адміністратыўныя арышты сябраў моладзевай арганізацыі “Малады фронт” таксама
трапілі ў поле зроку місіі ЗША. Справаздача адлюстравала 5 свежых выпадкаў,
калі пасадзілі Міхаіла Мускага, Змітра Крамянецкага, Рамана Васільева,
Мікалая Дземідзенку, Паўла Вінагарадава.
Місія не верыць у законнасць суда, які абвінаваціў праваабаронцу Алега
Волчака ў лаянцы матам ды пасадзіў на 10 содняў.
Катаванні ў цэнтры Еўропы
Дагэтуль людзі скардзяцца на катаванні ды жорсткае абыходжанне ў месцах
утрымання пад вартаю. Вінаватых у гэтым службоўцаў не караюць. На адвакатаў
працягваюць аказваць ціск. Адсутнасць незалежнай судовай улады пагаршае
сітуацыю з правамі чалавека ды перашкаджае дэмакратычнаму прагрэсу ў Беларусі,
гаворыцца ў справаздачы.