У рапарце “Рэпартэраў бязь межаў” Беларусь на 17-м месцы па несвабодзе прэсы
Лідэрства трымае Паўночная Карэя. Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» прадставіла новы рапарт, датычны свабоды прэсы ў сьвеце.
Паводле згаданага дакумэнту, Беларусь надалей знаходзіцца сярод краінаў, дзе здараюцца найбольш выразныя парушэньні правоў журналістаў. Сёлетні сьпіс бярэ пад увагу 168 краінаў, а Беларусь знаходзіцца на 151 месцы, побач з такімі краінамі, як Емэн, Лібія, Сырыя, Ірак, Віетнам, Лаос, Пакістан, Узбэкістан.
Арганізацыя « Рэпартэры бязь межаў» заўважае, што, на жаль, сытуацыя са свабодай прэсы ў згаданых дзяржавах не мяняецца цягам некалькіх гадоў.
Найгоршая сытуацыя аднатаваная ў Паўночнай Карэі, Туркмэністане, Эрытрэі. У сваю чаргу найлепшая - у Фінляндыі, Ісьляндыі, Ірляндыі, Галяндыі.
Цікава, што краіны, дзе ў часы камунізму існавала цэнзура, сёньня знаходзяцца ў першай дзясятцы. І ў гэтым аўтары дакумэнту бачаць пазытыўную тэндэнцыю.
Паводле сайту “Нашай Нівы”, рапарт пра стан свабоды прэсы створаны на падставе адказаў на 50 пытаньняў, якія прадстаўнікі арганізацыі « Рэпартэры бязь межаў» задалі арганізацыям, журналістам, юрыстам і праваабаронцам. Пытаньні датычылі свабоды прэсы ў іх краінах.
У СНД горш, як у Беларусі, сродкі масавай інфармацыі пачуваюцца толькі ва Ўзбэкістане (155-е месца). З нашых суседзяў Латвія заняла 10-е месца, Літва — 27-е, Польшча — 58-е. Украіна падзяліла з Індыяй 105-ю пазіцыю, а Расія апынулася на 147-м месцы.