Царква 'Новае жыцьцё' зьвяртаецца ў пракуратуру з-за паклёпу СТБ
Сёньня, 25 кастрычніка, вернікі царквы "Новае жыцьцё" звярнуцца са скаргай у Пракуратуру Рэспублікі Беларусь з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці аўтара і ўдзельнікаў паклёпніцкіх сюжэтаў тэлеканала "Сталічнае тэлебачаньне": супрацоўніцу СТВ Людмілу Джураеву, начальніка аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Менгарвыканкама Алу Рабіцэву і кандыдата гістарычных навук Івана Янушкевіча.
Паводле беларускага заканадаўства, 19 кастрычніка царква падала заяву з патрабаваньнем да кіраўніцтва Сталічнага тэлебачаньня разьмясціць аспрэчаньне ілжывай інфармацыі аб царкве "Новае Жыцьё", якая прагучала ў выпуску навін 14 і 15 кастрычніка.
– Мы лічым гэтыя рэпартажы паклёпніцкімі, паколькі факты, выкладзеныя ў іх, не адпавядаюць рэчаіснасьці і носяць правакацыйны характар, – заявіў юрыст царквы Сяргей Луканін. – У выніку грубіянскага мантажу маіх слоў у рэпартажы СТВ прагучала выказваньне, сэнс якога зводзіцца да таго, што ўсе ўдзельнікі акцыі пратэсту абавязваюцца галадаць да смяротнага зыходу.
Рашэньне звярнуцца ў пракуратуру было прынятае пасля тэлефоннай размовы з юрысконсультам тэлеканала Галінай Дварцовай, з якога стала зразумела, што гэтае пытаньне дагэтуль нават не разглядалася кіраўніцтвам СТВ, бо ў юрысконсульта "няма часу гэтым займацца" і "галадоўка вернікаў да яе не датычыцца". Калі юрыст царквы Сяргей Луканін нагадаў, што ў выпадку адмовы кіраўніцтва тэлеканала даць праўдзівую інфармацыю пра "Новае жыцьцё" вернікі будуць вымушаныя падаць скаргу ў Пракуратуру, Г.Дварцова адказала:"Пішыце, куды хочаце. Нас гэта не хвалюе".