7 сутак арышту Міхаілу Пашкевічу (дапоўнена)
У Светлагорску (Гомельская вобласць) 1 чэрвеня пачынаецца суд над актывістам грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Міхаілам Пашкевічам. Разам з таварышамі ён прыбыў 31 мая з Мінска, каб аказаць дапамогу жыхарам в. Якімава Слабада ў падрыхтоўцы да мясцовага рэферэндуму па праблеме завода беленай цэлюлозы. Пасля сходу Пашкевіч быў затрыманы міліцыяй.
Інфармацыя паводле рэгіянальнага парталу Светлагорск:
14-20. Міхаілу Пашкевічу 7 сутак арышту
13.50. Як
стала вядома, паседжанне суду прайшло без адваката з Мінску. У 14.00 –
абвяшчэнне прыгавору.
12.50. Абараняць М. Пашкевіча на судовым працэсе будзе Вадзім
Канстанцінавіч Мушынскі, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.
11.40. Справу М. Пашкевіча будзе разглядаць суддзя па адміністрацыйных
справах Ірына Аляксандраўна Алісейка.
10.15. Як стала вядома, адвакат выехаў з Мінску ў Светлагорск. На 9.40 матэрыялы справы ў суд яшчэ не паступілі. Відавочна, што суд пачнецца пасля 14.00.
10.05. Мяркуецца, што суд пачнецца ў другой палове дня, пасля таго, як з Мінску прыедзе адвакат (дакладны час будзе паведамлены пазней).
Прысутнічаць на судовым паседжанні можа любы грамадзянін. Для ўваходу ў будынак суда неабходна мець пашпарт альбо іншы дакумент, які сведчыць асобу.
Даведка palitviazni.info:
М. Пашкевіч нарадзіўся ў 1986 г. ў Комі АССР (Расія). Ягоны бацька працаваў там вайсковым лекарам, а маці – эканамістам. Праз некалькі гадоў сям'я вярнулася на радзіму, у Беларусь, у в. Спорава Бярозаўскага раёну Брэсцкай вобласці. У 1991 г. Пашкевічы перабраліся ў Бярозу. Спачатку Міхаіл вучыўся ў школе там, потым паступіў у Ліцэй БДУ (Мінск), а пасьля яго — на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Быў выключаны адтуль з апошняга курсу пасьля яго ўдзелу ў акцыі «Плошча Каліноўскага» ў сакавіка 2006 г. У канцы таго ж году ўступіў у Аб'яднаную грамадзянскую партыю, неўзабаве стаў намеснікам старшыні моладзевага крыла партыі.
Удзельнічаў у іншых акцыях пратэсту, у тым ліку і ў акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 г., быў затрыманы і збіты, а назаўтра асуджаны на арышт тэрмінам у 15 сутак (суддзя Самасейка).
22 красавіка 2008 г. суддзя Цэнтральнага райсуда Мінску Алена Ільіна прызнала моладзевага лідэра М. Пашкевіча вінаватым ва ўчыненьні крымінальнага злачынства па ч.1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») і вынесла пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі тэрмінам на 2 гады без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.
11 чэрвеня 2009 г. быў амніставаны.
Неаднаразова караўся па адміністратыўных артыкулах па палітычных матывах. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. — актывіст кампаніі «Гавары праўду!». 27 снежня 2010 г. быў асуджаны на 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі салідарнасьці з палітвязнямі «Плошчы-2010».