“Вясна” патрабуе спыніць незаконныя адміністратыўныя арышты грамадскіх актывістаў
Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна”
Праваабарончы цэнтр “Вясна” асуджае незаконнае прыцягненне да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе арыштаў моладзевых актывістаў Мускага Міхаіла, Крэменецкага Зьміцера, Васільева Рамана, Дземідзенкі Мікалая, Вінаградава Паўла, а таксама праваабаронцу Алега Воўчака.
Канстатуем, што ў Беларусі ўкаранілася ганебная практыка прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзі адміністратыўнага арышту грамадскіх актывістаў.
Мы заяўляем, што сістэматычнае асуджэнне грамадзкіх дзеячоў на падставе сфальсіфікаваных матэрыялаў аб адміністратыўным правапарушэнні за дробнае хуліганства з’яўляецца злачыннай формай адвольных затрыманняў. Прыкра, што ў гэты незаконны пераслед ўцягнутыя не толькі органы ўнутраных справаў, але і суды, якія выносяць прысуды на падставе непраўдзівых матэрыялаў.
Так, Мускі Міхаіл, Крэмянецкі Зміцер, Дземідзенка Мікалай агулам толькі за вясну 2012 г. незакона былі асуджаны на 37 сутак адміністратыўнага арышту, а Павал Вінаградаў і Алег Воўчак двойчы асуджаліся на падставе сфальсіфікаваных супрацоўнікамі міліцыі матэрыялаў.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што ўсе ўзгаданыя асобы незаконна і неаднаразова пазбаўляліся волі на працяглы тэрмін, і таму могуць на перыяд свайго затрымання лічыцца палітычнымі вязьнямі. Іх перасьлед носіць выключна палітычны характар і зьвязаны з іх грамадска-палітычнай дзейнасьцю.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” настойліва патрабуе:
- неадкладнага спынення практыкі адміністратыўнага пераследу і незаконага асуджэння грамадскіх актывістаў па сфальсіфікаваных абвінавачванняў;
- прыцягнення да адказнасці ўсіх віноўных службовых асоб у незаконых асуджэннях;
- кампенсацыі страты здароўя і маральных пакутаў усім незакона асуджаным.
Менск. 25 траўня 2012 г.