У Бялыніцкім раёне за сем гадоў так і не знайшлі забойцаў сям’і з шасці чалавек
Супрацоўнікі Бялыніцкай міліцыі за сем гадоў так і не здолелі знайсці забойцаў сям’і з шасці чалавек у вёсцы Вялікая Машчаніца. Злачынства застаецца не расследаваным да гэтага часу, хоць адразу пасля забойства кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка даў супрацоўнікам праваахоўных органаў толькі некалькі дзён на яго раскрыццё. Як паведамляе бялыніцкая незалежная газета “Паходня”, расследванне ў чарговы раз працягнута, і калі яно будзе скончана, супрацоўнікі міліцыі адказаць не могуць.
Нагадаем, што ў ноч з 31 мая на 1 чэрвеня 2005 года ў вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна была забіта сям’я з шасці чалавек, у тым ліку двое маленькіх дзяцей. Сям’я пераехала ў вёску з Бялыніч крыху раней, прадаўшы ў гарадскім пасёлку кватэру і набыўшы ў Машчаніцы прыватны дом. Злачынства набыло шырокі рэзананс, такога жудаснага забойства не было за ўсю пасляваенную гісторыю Беларусі. Сам кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад супрацоўнікаў пракуратуры і міліцыі знайці забойцаў як мага хутчэй. Супрацоўнікі праваахоўных органаў выканалі загад і знайшлі падазраваных у здзяйсненні злачынства вельмі хутка, ужо праз дзень былі затрыманы пяцёра маладых людзей ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў з гэтай жа вёскі, ім неўзабаве было прад’яўлена абвінавачанне ў забойстве. Расследаванне па справе цягнулася амаль паўтара гады, пасля ў Магілёўскім абласным судзе пад старшынствам суддзі Міхаіла Мельнікава адзінаццаць месяцаў ішоў судовы працэс. Па выніках судовага разгляду пракурор патрабаваў для двух абвінавачаных выключную меру пакарання — расстрэл, для трох іншых — пажыццёвае зняволенне.
Аднак 2 лістапада 2007 года судовая калегія Магілёўскага абласнога суда ўсім пяцярым хлопцам вынесла апраўдальны прысуд у сувязі з недаказанасцю віны. Адзін з падсудных — Аляксандр Клепча — быў вызвалены з-пад варты ў зале суда, астатнія чацвёра былі пакараны тэрмінамі зняволення ад 4 да 10 гадоў 2 месяцаў за іншыя злачынствы: крадзяжы, сексуальныя адносіны з непаўнагадовымі, спробу згвалтавання, хуліганства. Пазней адбылося пасяджэнне Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, які пакінуў прысуд Магілёўскага абласнога суда без змен.
На працягу 2008 года былі вызвалены трое іншых затрыманых па “машчаніцкай справе”: Генадзь Салаўёў і Сяргей Юшкевіч былі вызвалены па амністыі напрыканцы мая 2008 года, Мікалай Ракуцін быў вызвалены ўмоўна-датэрмінова з Вейнянскай калоніі 26 верасня 2008 года. Пакуль працягвае знаходзіцца ў зняволенні апошні з былых абвінавачаных у забойстве Павел Паўлючэнка, які, згодна з рашэннем суда, атрымаў тэрмін у 10 гадоў і 2 месяцы за шэраг здзейсненых злачынстваў.
Хлопцы змаглі выйсці на волю шмат у чым дзякуючы таму, што ўвагу грамадства да шэрагу незразумелых акалічнасцяў гэтай гучнай справы прыцягнулі беларускія праваабаронцы і незалежныя журналісты. Пасля свайго вызвалення яны распавялі шмат цікавага пра тое, як у “квітнеючай” Беларусі супрацоўнікі міліцыі атрымліваюць неабходныя сведчанні для абгрунтавання віны падсудных…
Як піша газета “Паходня”, жыхароў Бялыніцкага раёна па-ранейшаму хвалюе пытанне: “калі нашы доблесныя супрацоўнікі міліцыі нарэшце знойдуць забойцаў сям’і з шасці чалавек, у тым ліку двух маленькіх дзяцей, у вёсцы Вялікая Машчаніца? Прабачце, гэта ж якім трэба быць “прафесіяналам”, каб не раскрыць такое гучнае забойства за сем гадоў”…
Пакуль жа адказу на пытанне, хто забіў сям’ю з шасці чалавек і чаму не панёс за гэта пакаранне, простыя грамадзяне атрымаць не могуць. Расследаванне працягнута ў чарговы раз, і калі яно будзе скончана, не могуць адказаць нават вялікія міліцэйскія начальнікі. Вядома таксама, што следства не выключае версіі, што ў забойстве ўдзельнічаў хтосьці з раней затрыманых па “Машчаніцкай” справе. Былыя арыштанты па-ранейшаму адчуваюць пільную ўвагу з боку супрацоўнікаў міліцыі.