viasna on patreon

Кошт абслугоўвання акцыі залежыць ад колькасці "зорачак" на пагонах міліцыянтаў

2012 2012-05-28T15:00:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Леанід Аўтухоў, актывіст з райцэнтру Гарадок, пацікавіўся ў мясцовай камунальнай службы, міліцыі і раённай паліклінікі, колькі трэба будзе заплаціць за паслугі адмыслоўцаў, каб заключыць дамову на абслугоўваньне масавай акцыі. Толькі камунальнікі налічылі 827 688  рублёў…

Леанід Аўтухоў, актывіст “Гавары праўду”, старшыня мясцовай суполкі БНФ, уражаны такімі расцэнкамі:

"Я хацеў правесці шэсце па вуліцы Сабалеўскай і мітынг ва ўрочышчы Вераб’ёвы горы  з удзелам 50-ці чалавек 22 чэрвеня гэтага году: меркаваў, што гэта будуць мерапрыемствы антыфашыстоўскай скіраванасці, якраз да ўгодкаў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Гарадоцкія камунальнікі налічылі, што прыборка смецця пасля аднагадзінавай акцыі будзе каштаваць ажно 827 688  рублёў! Маўляў, спатрэбяцца ажно 4 дворнікі, бо эканаміст Гарадоцкага прадпрыемства цеплавых і камунальных сетак палічыў, што на плошчы амаль  паўтары гектары мітынгоўцы утвораць 0,75 кубаметры смецця!"

З Гарадоцкага РАУС спадар Аўтухоў атрымаў адказ без канкрэтных лічбаў, але з паказальным зместам. Аказваецца, расцэнкі працы міліцыянтаў залежаць ад іх звання, і ў залежнасці ад таго, сяржантаў ці маёраў дашлюць на ахову мерапрыемства, будзе разлічаны кошт паслугі. Але найперш, напісаў намеснік начальніка Гарадоцкага РАУС, трэба атрымаць дазвол з райвыканкаму. Тады на працягу сутак будзе вызначана, колькі актывіст мусіць заплаціць.

Леанід Аўтухоў яшчэ не атрымаў адказу з Гарадоцкай райбальніцы. Аднак ужо турбуецца, якія адмысловыя паслугі медыкаў могуць быць закладзены ў калькуляцыю: можа, суправаджэнне машыны хуткай дапамогі па маршруце шэсця, а можа, дзяжурства адмыслоўцаў – рэаніматолага, кардыёлага ці яшчэ каго-небудзь…

Леанід Аўтухоў лічыць, што кошты на абслугоўваньне мерапрыемства міліцыяй, медыкамі і камунальнікамі не могуць быць такія высокія. Бо, па-першае, гэтыя службы існуюць на падаткі грамадзян. А па-другое, міліцыянты і камунальнікі ва ўсякім разе мусяць выконваць падчас акцый сваю звычайную штодзённую працу: прыбіраь гарадскія аб'екты і ахоўваць правапарадак. Інакш кажучы, рабіць усе тое, за што ў іншыя дні дадатковай аплаты не патрабуюць.

Таму актывіст упэўнены, што кошты на абслугоўванне масавых мерапрыемстваў у ягоным выпадку знарок штучна завышаюцца. Бо  шэраговы грамадзянін наўрад ці здольны арганізоўваць нейкія акцыі з такімі вялікімі выдаткамі.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства