Гомель: Сустрэча прадстаўнікоў НДА са шведскай арганізацыяй - пад пільным наглядам міліцыі
25 траўня ў Гомелі ў прыватным парадку праходзіць сустрэча прадстаўнікоў шведскай арганізацыі «Форум Сюд» з сябрамі гомельскіх НДА. У прызначаны час, а 16-й гадзіне, да прыватнага дому, дзе планавалася мерапрыемства, пад'ехалі міліцыянты з Цэнтральнага РАУС. Яны хацелі трапіць у будынак, патлумачыўшы гэта тым, што у доме нібыта схавалася асоба, якая знаходзіцца ў вышуку.
Гаспадар дома не адчыніў дзверы, прапанаваўшы міліцыянтам сысці і не перашкаджаць сустрэчы. Міліцыянты з'ехалі, але пакінулі аднаго супрацоўніка пільнаваць будынак. Пазней да дома зноў вярнулася міліцэйскае аўто – мерапрыемства праходзіць пад пільным наглядам органаў.
На сустрэчы прысутнічаюць прадстаўнікі НДА Гомеля, грамадзянскіх кампаній і ініцыятыў. Візіт у Беларусь шведскай арганізацыі праходзіць у межах падрыхтоўкі Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, які адбудзецца ў Стакгольме ў лістападзе 2012 году. Мэта візіту – знаёмства з НДА Беларусі.