Абодвух затрыманых у Мінску журналістаў адпусцілі, але "паабяцалі" працяг
Раніцай 23 мая незалежныя тэлежурналісты Алесь Любянчук і Любоў Лебедзева бралі інтэрв'ю ў прадстаўніка грамадскага аб'яднання «Платформа» Андрэя Бандарэнкі каля Палаца Чыгуначнікаў.
Каля 10.45 Алесь Любянчук патлефанаваў калегам і паведаміў, што іх здымачную групу затрымалі і даставілі ў Ленінскае РУУС (пазней высветлілася, што ў Кастрычніцкае). Пасля гэтага размова перарвалася.
„Затрымлівалі шэсць чалавек, прычым пяць з іх былі ў цывільным. Журналістаў завялі ў машыну, я спрабаваў пагутарыць з міліцыянтамі, яны адмаўляліся прадстаўляцца”, - распавёў тэлеканалу "Белсат" Андрэй Бандарэнка, што стаў відавочцам затрымання.
А 12.30 стала вядома, што Любоў Лебедзеву адпусцілі. Алеся Любенчука міліцыянты трымалі да 13.20. Пасля гэтага ён патэлефанаваў калегам і паведаміў, што з яго ўзялі тлумачэнні, але "паабяцалі", што гісторыя будзе мець працяг. Асобы затрыманых і род іх заняткаў былі міліцыянтам загадзя вядомыя, - кажуць журналісты.