Дэпутат не заўважае праблем пад нагамі
Ліст з патрабаваннем звярнуць увагу на жудасны стан пешаходнай дарожкі, размешчанай паміж чыгуначным і аўтобусным вакзаламі, атрымаў намеснік начальніка па ідэалагічнай працы вагоннага дэпо станцыі Орша Віталь Ячмянёў. Ён з'яўляецца дэпутатам Аршанскага гарсавета па Усходняй выбарчай акрузе № 19.
Ініцыятары звароту - актывісты кампаніі «Наш Дом». Яны абследавалі тэрыторыю выбарчай акругі і выявілі, што спехам пабудаваныя да «Дажынак» дарожкі і тратуары знаходзяцца ў паўразбураным стане. А штодня ў такім ажыўленым раёне па ім праходзяць сотні, калі не тысячы чалавек. Нядоўга і нагу зламаць.
Здавалася б, на такія праблемы пад нагамі самі дэпутаты павінны аператыўна рэагаваць, не чакаючы зваротаў выбаршчыкаў. Але, на жаль, у дадзеным выпадку чамусьці гэтага не адбылося. Магчыма, усяму віной нялёгкая праца ідэолага, якая не пакiдае часу на дэпутацкія клопаты.