Мікалай Аўтуховіч на амністыю не спадзяецца
Палітвязень Мікалай Аўтуховіч, які зараз адбывае пакаранне ў турме № 1 Гродна, не верыць у тое, што можа быць вызвалены ў выніку чакаемай амністыі, пра якую заявіў Лукашэнка. Ён мяркуе таксама, што шэраг беларускіх палітвязняў застануцца ў няволі.
Свае думкі на гэты конт Мікалай Аўтуховіч выклаў у лісце да бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча, які адрасат атрымаў 23 траўня.
У прыватнасці Мікалай Аўтуховіч піша:
“Ніякая амністыя не можа вызваліць амаль усіх, акрамя Дашкевіча, Севярынца, Лобава і Каваленкі. Астатніх не. Калі зрабіць амністыю пад Статкевіча або мяне, то з калоніі патрэбна будзе выпусціць не тры з паловай тысячы, а ўсе дзесяць тысяч. А на гэта ён не пойдзе ніколі”.
Са слоў Барыса Вырвіча, па лісце адчуваецца, што Мікалай Аўтуховіч не зломлены і захоўвае баявы настрой.
“Ён выказвае свае меркаванні наконт існуючай палітычнай сітуацыі ў краіне, маючай адбыцца выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў, стану спраў у дэмакратычнай супольнасці. Адчуваецца, што Мікалай уважліва сочыць за падзеямі і мае наконт іх свае меркаванні, настрой у яго баявы, зламаць яго ўлады не здолелі”, - кажа журналіст.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч быў узяты пад варту з 8 лютага 2009 г. 6 траўня 2010 г. Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь асуджаны па ч. 3 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да вогнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) да 5 гадоў і 2 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. Рашэннем суда ад 17 студзеня 2012 г. умовы адбыцця пакарання былі змененыя на больш жорсткія, ён быў пераведзены з калоніі №5 г. Івацэвічы ў турму №1 г. Гродна.