Суд стаў на бок Марыны Цыбліенкі
Суд Савецкага раёна горада Мінска сёння (22-га траўня) абвясціў рашэнне па справе “Цыбліенка супраць Івашкевіча”.
Суддзя Ірына Ляўкова абавязала апазіцыйнага палітыка Віктара Івашкевіча выплаціць прафсаюзнай актывістцы Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Марыне Цыбліенцы 500 тысяч рублёў у якасці маральнай кампенсацыі і апублікаваць на сайце “Хартыя-97” абвяржэнне сваіх ранейшых заяваў з нагоды неабходнасці ўвядзення супраць Беларусі эканамічных санкцый з боку Еўрасаюза, што, на думку Івашкевіча, будзе спрыяць вызваленню беларускіх палітвязняў.
Работніца Мозырскага НПЗ Марына Цыбліенка задаволена такім рашэннем суда.
- Я, зразумела, задаволена рашэннем суда. Але я вельмі хацела б, каб Віктар Антонавіч тым жа самым спосабам, якім прызываў да санкцый, падцвердзіў адмову ад гэтых заклікаў.
Палітык і грамадскі дзеяч Віктар Івашкевіч называе рашэнне суддзі чаканым. Ён кажа, што нягледзячы на рашэнне, яго пазіцыя застаецца нязменнай.
- Спроба зрабіць з гэтага вялікі прапагандысцкі "бэмс" не спраўдзілася. Усім рабочым усё роўна. Паспрабавалі нешта раздуць, але не атрымліваецца. Вырашылі тады закрыць гэтую тэму. Заўсёды ёсць у любым калектыве людзі, для якіх незадавальненне з боку начальства страшней за што б то ні было.
Пасля заканчэння судовага працэса Марына Цыбліенка паведаміла, што перадасць грошы, атрыманыя ў якасці маральнай кампенсацыі, у фонд Чырвонага Крыжа.
Віктар Івашкевіч заявіў, што не будзе абскарджваць рашэнне суда, бо не бачыць у гэтым сэнсу.