Чыноўнік Сумар паставіў актывісту Чарнавусу невыканальныя ўмовы
Грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус з Баранавіч ужо два гады абівае парогі кабінетаў розных чыноўнікаў, каб атрымаць у арэнду памяшканне для рэгістрацыі грамадскага аб’яднання баранавіцкіх украінцаў “Кабзар”.
Апошні візіт да старшыні Берасцейскага аблвыканкама Канстанціна Сумара аптымізму не дадаў, бо, як распавёў Чарнавус, яму былі пастаўлены нялёгкія ўмовы для дасягнення мэты. Спачатку галоўны чыноўнік вобласці прапанаваў Чарнавусу ахвяраваць 15 мільёнаў рублёў у гарадскі бюджэт, тады, маўляў, пытанне з арэндай і рэгістрацыяй можа быць вырашана. Калі Чарнавус сказаў, што ён не ў стане падараваць 15 мільёнаў гораду, бо грошы спатрэбяцца, каб вывезці малазабяспечаных дзяцей на адпачынак у Сімферопаль, Сумар паставіў новую ўмову: каб Чарнавус зрабіў горад Сімферопаль пабрацімам горада Баранавічы - тады ён, Сумар, пасобіць у пытанні з арэндай і рэгістрацыяй.
Па словах Чарнавуса, ён, канешне, пастараецца паспрабаваць зрабіць штосьці ў гэтым накірунку. Але ці хопіць у яго паўнамоцтваў справіцца з гэтай задачай, калі афіцыйна нават не існуе аб’яднання ўкраінцаў – гэта пытанне.