Міліцыя працягвае паляванне за «Віцебскім кур'ерам»
Міліцыя працягвае настойліва паляваць за супрацоўнікамі незалежнай газеты «Віцебскі кур'ер», якая выдаецца ў Смаленску, але распаўсюджваецца на тэрыторыі Беларусі.
Варта было толькі ўвечары 20 мая журналістцы гэтага выдання Юліі Канаплёвай заехаць з боку Смаленска на тэрыторыю Аршанскага раёна, як супрацоўнікі ДАІ спынілі яе аўтамабіль і суправадзілі да Аршанскага РАУС без тлумачэння прычын.
Верагодна на гэты раз міліцыю чакала расчараванне. Улоў апынуўся вельмі сціплым. Былі канфіскаваныя аж восем асобнікаў новага часопіса «Пол палітыкі», які выдаецца Міжнародным Цэнтрам гендэрных ініцыятываў «Адліга: жанчыны за роўнае грамадзянства», а таксама 200 асобнікаў спэцвыпуску коміксаў «Аб мясцовым самакіраванні» выдаўца «Наш Дом».
Хоць канфіскаваныя матэрыялы не падпадаюць пад палажэнні аб СМІ (коміксы не з'яўляюцца перыядычным выданнем), у пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні малодшы лейтэнант міліцыі Уладзімір Ларын паказаў, што журналістка парушыла артыкул 29.9 ч.2 КаАП РБ - «незаконны распаўсюд друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».