Баранавіцкія праваабаронцы просяць дэпутатаў гуманізаваць крымінальна-выканаўчае заканадаўства
Сябра Баранавіцкай гарадской філіі Беларускага Хельсінкскага камітэта Анжаліка Камбалава накіравала лісты старшыні камісіі па заканадаўстве Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Схода Мікалаю Самасейку, дэпутатам Святлане Пішч і Анатолю Ваньковічу з прапановаю гуманізаваць крымінальна-выканаўчае заканадаўства краіны.
У лістах паведамляецца, што ў адпаведнасці з артыкулам 118 Крымінальна-выканаўчага Кодэкса РБ асуджаныя да пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчых калоніях ва ўмовах агульнага рэжыму маюць права атрымліваць чатыры перадачы і дзве бандэролі ці два дробныя пакеты на працягу года ад родзічаў. А бандэролі не ад родзічаў прымаюцца толькі з дазволу начальніка папраўчай установы. На практыцы атрымліваецца так, што перадачу вагой 30 кг прыносіць старэнькая матуля, а маладыя і здаровыя не могуць перадаць асуджанаму нават пачак гарбаты.
– Судовыя рашэнні абмяжоўваюць волю абвінавачанага, але не адмаўляюць правы на паўнавартаснае харчаванне і простыя чалавечыя патрабаванні, - кажа Анжаліка Камбалава. – Таму мы прапаноўваем дэпутатам унесці змяненні ў дзеючае заканадаўства, каб яно гучала так: “…асуджаныя да пазбаўлення волі маюць права атрымліваць неабмежаваную колькасць пасылак і перадач ад родзічаў і сяброў”.
Сябра БХК таксама просіць дэпутатаў падумаць над далейшай гуманізацыяй заканадаўства ў адносінах да асуджаных.