viasna on patreon

Сяргей Каваленка этапіраваны ў магілёўскую калонію

2012 2012-05-21T14:25:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сяргей Каваленка этапіраваны ў калонію №19 у Магілёве. Па словах яго жонкі Алены Каваленкі, 20 мая ён ужо знаходзіўся ў гэтай калоніі.

Раней там адбываў пакаранне экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус, а зараз утрымліваецца асуджаны анархіст Павел Сырамалотаў.

Алена Каваленка:

– Этапіравалі ў суботу, яго ў следчым ізалятары ўжо не было. Што з галадоўкай, са станам здароўя – гэтага нічога не ведаю. Я ж ім не бачылася. Мне не далі сустрэцца з ім, падманулі. Я была ў следчым ізалятары з 16 да 17 гадзінаў у пятніцу, адразу пасля касацыйнага разгляду скаргі. Мне сказалі, што дакументы яшчэ не паступілі з суда. Адразу пасля СІЗА паехала ў суд. Там мне сказалі, што дакументы кур’ерам былі дастаўлены ў СІЗА. Проста яны не захацелі даць спатканне, каб я нешта ведала падрабязней аб стане здароўя.

Сяргей Каваленка ўзнавіў галадоўку 8 мая. Гэта ўжо трэці этап галадоўкі, якую ён пачаў адразу пасля арышту 19 снежня 2011 года. Каваленка быў асуджаны на 2 гады і 1 месяц зняволення нібыта за ўхіленне ад абмежавання волі. А да гэтага пакарання ён быў прысуджаны за тое, што падняў бел-чырвона-белы сцяг на навагоднюю ёлку ў Віцебску.

18 мая Віцебскі абласны суд пакінуў прысуд Сяргею Каваленку ў сіле. Ён і яго абарона рыхтуюць наглядную скаргу на прысуд Каваленкі. Яго адвакат таксама падаў наглядную скаргу старшыні Віцебскага абласнога суда на першы прысуд за ўзняцце нацыянальнага сцяга.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства